Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
14 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння святара-адраджэнца Уладзіслава Чарняўскага
Беларусь
14.01.2016 12:27

14 студзеня спаўняецца 100 гадоў ад нараджэння а. Уладзіслава Чарняўскага, беларускага каталіцкага святара, які праз пераклады на беларускую мову Бібліі і рыма-каталіцкіх літургічных тэкстаў зрабіў вялікі ўнёсак у сучасную беларускую культуру.

На пачатку Года культуры ў Рэспубліцы Беларусь прапануем увазе чытачоў некалькі звестак з ягонай біяграфіі (адрэдагаваных на аснове розных крыніц а. Андрэем Абламейкам).

23 студзеня 2016 г. у Вішневе, дзе служыў а. Уладзіслаў Чарняўскі, будзе адкрыты музей яго памяці, які асвеціць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

З адной вялікай працавітай сям'і ў другую — марыянскую

Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся 14 студзеня 1916 г. (на стары Новы год па юліянскім календары) у пабожнай каталіцкай сям’і.

У біяграфіі а. Уладзіслава Чарняўскага, складзенай Міхасём Казлоўскім, між іншым чытаем: «Сям’я Чарняўскіх была вялікая і працавітая. Дванаццаць дзетак паслаў Бог бацькам. Уладзіслаў быў адзінаццаты. Ішла Першая сусветная вайна, таму і нарадзіўся хлопчык не ў роднай вёсцы Біцяняты, што на Смаргоншчыне (якую захапілі немцы), а ў засценку Амбружына каля Гальшанаў, у доме далёкіх сваякоў па маці».

Навучанне ён пачаў у Вішнеўскай школе, пасля вучыўся ў Крэве і Барунах. З 1933 да 1937 гг. вучыўся ў гімназіі айцоў марыянаў у Друі, а пасля паступіў у навіцыят марыянаў.

«Друйскі кляштар айцоў марыянаў — адметная старонка ў беларускім рэлігійным жыцці. Ён быў заснаваны па ініцыятыве віленскага біскупа і генерала супольнасці марыянаў а. Юрыя Матулевіча (Матулайціса) у 1923 г. Першым кіраўніком друйскай супольнасці марыянаў быў славуты беларускі каталіцкі святар архімандрыт Андрэй Цікота (між іншым, сваю душпастырскую дзейнасць ён пачаў у 1917 г. у Маладзечне). Значную ролю ў адкрыцці кляштара адыгралі грашовыя ахвяраванні шчырай беларускай патрыёткі княгіні Магдалены Радзівіл.

Супольнасць марыянаў стваралася як беларускі рэлігійны асяродак, як кузня беларускай хрысціянскай інтэлігенцыі. У 1924 г. пры кляштары пачала працаваць школа, якая праз шэсць гадоў атрымала статус гімназіі імя Стэфана Баторыя. З яе сцен выйшлі славутыя дзеячы беларускай эміграцыі: мастак Віктар Жаўняровіч, доктар Язэп Малецкі, гісторык Віктар Ярмалковіч, біскуп Чэслаў Сіповіч, доктар філасофіі а. Тамаш Падзява і іншыя. Пры кляштары была заснавана гаспадарка, дзе працавалі манахі і вучні гімназіі. І самае галоўнае, супольнасць марыянаў забяспечвала духоўныя патрэбы пяцітысячнай друйскай парафіі.

Вось сюды і прыехаў у 1933 г. Уладзіслаў Чарняўскі. Пасяліўся ў інтэрнаце пры друйскім кляштары. У той час выкладанне ў гімназіі вялося на польскай мове, хоць, праўда, выкладчыкі на перапынках размаўлялі з вучнямі па-беларуску. Дырэктарам гімназіі быў архімандрыт Андрэй Цікота. Уладзіслаў Чарняўскі ў сваіх успамінах пісаў: «Цікота быў вельмі паважны. Усе школьнікі мелі павагу да яго. Як ідзе: хлопцы, рукі па швах. Цікота здабыў для кляштара правы дзяржаўнай гімназіі. Ён выкладаў лаціну, і калі выпускнікі паступалі далей, то ніхто яе не правальваў».

Яго маці хацела, каб сын стаў святаром

У 1937 г. Уладзіслаў Чарняўскі скончыў Друйскую гімназію. Пытанне, куды пайсці далей, перад ім не стаяла. Ён вырашыў стаць слугою Божым і павадыром для свайго народа. Цяга да пастырскай дзейнасці жыла ў душы Уладзіслава яшчэ з дзяцінства. Чамусьці вельмі хацела бачыць яго святаром маці. Часта называла ці то жартам, ці то ўсур'ёз «мой ксяндзочак».

У 1938 г., яшчэ ў Друі, ён паступіў у навіцыят супольнасці марыянаў. Але доўга там не прабыў: летам таго ж года паліцыя выселіла з кляштара шэсць айцоў марыянаў, у тым ліку і апекуна навіцыята айца Віталіса Хамёнка. Давялося перабрацца ў Вільню, дзе існаваў Дом студыяў марыянаў, заснаваны ў сярэдзіне 30-х гадоў з ініцыятывы друйскіх святароў. Жылі на Зыгмунтоўскай вуліцы, «непадалёк ад «Зялёнага маста», у Доме друйскіх айцоў, які быў куплены а. Андрэем Цікотам (за золата, дадзенае Магдаленай Радзівіл), а вучыліся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У тым Доме студыяў займалася 11 семінарыстаў-марыянаў. Іх апекуном быў а. Язэп Германовіч, вядомы ў Заходняй Беларусі паэт, які пісаў пад псеўданімам Вінцук Адважны.

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Якраз напярэдадні семінарысты-марыяне паехалі пад Белавежскую пушчу, дзе былі іх дамы адпачынку. Там і застала іх страшная навіна. Спазналі шмат жахаў. Вакол неразбярыха. Мабілізацыя. Немцы пачалі бамбіць. З неверагоднымі высілкамі дабраліся да Вільні. А там ужо семінарыя зачынена, кіраўніцтва разбеглася. Давялося ехаць у Друю, куды ў хуткім часе прыйшла Чырвоная армія.

З Друі Чарняўскі перабраўся ў Літву ў г. Укмерге. Жыў у марыянаў. Працаваў памочнікам ксяндза. І толькі ў пачатку 1942 г. здолеў аднавіць вучобу ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі на тэалагічным факультэце, а жыў пры літоўскім касцёле святога Ігната.


У 1944 годзе Уладзіслаў Чарняўскі нарэшце атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Праўда, крыху раней тэрміну, бо яшчэ год давялося вучыцца ў семінарыі.

«Прыміцыі вырашыў адпраўляць у Беларусі, бо належаў да барунскай парафіі, але сваякі папярэдзілі, што барунскі ксёндз Карпінскі не любіць беларусаў. Давялося ехаць у Крэва, дзе ксёндз быў добра знаёмы яшчэ з даваенных часоў. У канцы кастрычніка 1944 г. ужо святар а. Уладзіслаў Чарняўскі адправіў сваю першую святую Імшу ў Крэве. Да гэтай знамянальнай падзеі быў надрукаваны ў Літве і абразок-памятка па-беларуску. Пасля прыміцыі зноў вярнуўся ў Вільню. Працягваў жыць пры касцёле святога Ігната.

Айцец Уладзіслаў застаўся ў Вільні. У канцы 1949 года яго прызначылі пробашчам касцёла святога Мікалая. Праўда, служба тая працягвалася нядоўга. Праз тры месяцы яго адправілі служыць спачатку ў г. Укмерге, потым у Гегужыне, Ёрнішкі, Варэну, Эйшышкі».

Але цягнула на Беларусь

«Ды і землякі не забывалі. Прыязджалі цэлыя дэлегацыі з просьбай вярнуцца на Радзіму, бо святароў там заўсёды не хапала. Пасля доўгай бюракратычнай валтузні, адмоваў біскуп, нарэшце, згадзіўся адпусціць а. Уладзіслава з парафіі. Вырашыў ехаць у Воранава, «але калі пераехаў у Беларусь, прапісаўся ў Смаргонях і абжыўся ў Чухнах», з усіх бакоў пачалі сыпацца запрашэнні наведаць і іншыя парафіі. Стараўся па магчымасці не адмаўляцца, і тады яго шляхі пралягалі праз Крэва, Войстам, Вішнева».

«У Вішнева прыехаў у 1954 годзе. Мясціны там вельмі прыгожыя. Мястэчка размешчана блізка ад чыгуначнай станцыі Багданава, ды і Валожын не за гарамі. Узгорыстая мясцовасць, спакойная звілістая рэчка Альшанка, блізкая сінь лясоў стваралі ідылічную карціну старадаўняга, Богам забытага беларускага паселішча. На заходняй ускраіне мястэчка, на высокім пагорку стаяў касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, пабудаваны яшчэ ў 1424 годзе князем Вітаўтам. Першапачаткова ён быў драўляны, але ў 1637–41 гг. на яго месцы князем Храптовічам (ён пахаваны ў крыпце правай капліцы) была ўзведзена велічная мураваная святыня, якая лічыцца помнікам архітэктуры эпохі барока. Вось у гэтым незвычайна прыгожым касцёле і стаў пробашчам айцец Уладзіслаў Чарняўскі. Адразу па прыездзе пачаў весці службу па-беларуску».

З другой паловы 60-х гадоў распачалося сталае ліставанне Уладзіслава Чарняўскага з беларускай эміграцыяй. У прыватнасці, з дзядзькам а. Францішкам Чарняўскім, а. прэлатам Пятром Татарыновічам, біскупам Чэславам Сіповічам. Па просьбе апошняга пачаў рэгулярна дасылаць беларускія кнігі і часопісы ў Беларускі дом айцоў марыянаў у Лондане. І калі ў 1971 годзе там адкрылася Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны, то значную частку іх фондаў склалі матэрыялы, дасланыя а. Чарняўскім.

Дзякуючы беларускаму каталіцкаму духавенству на эміграцыі і перадусім біскупу Чэславу Сіповічу, у 1967 годзе а. Уладзіслаў атрымаў запрашэнне наведаць Апостальскую Сталіцу.


У інтэрв'ю, дадзеным А. Бяляцкаму для Хрысціянскай Думкі № 214, ён узгадваў: «На той час генералам марыянаў быў Чэслаў Сіповіч, а біскупам для беларусаў за мяжою – Баляслаў Слосканс. Мы былі на прыёме ў Папы Паўла VI разам з біскупам Чэславам Сіповічам. Размаўлялі на лаціне. У той жа прыезд мне даручылі ад Кангрэгацыі Божага Культу перакладаць Біблію. Я вярнуўся і стаў перакладаць».

Вялікую маральную падтрымку ў перакладчыцкай працы а. Уладзіславу Чарняўскаму аказвалі грэка-каталіцкі святар а. Ян Матусевіч (яшчэ як пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Барунах), кс. Уладзіслаў Завальнюк, а пазней кс. Міхал Сапель і кс. Ігар Лашук).

Пэўная падтрымка прыходзіла і з замежжа, ад беларускіх марыянаў а. Антона Лася, а. Францішка Апячонка (з Польшчы) і ад а. Вацловаса Альюліса – марыяніна з Вільні.

У 1988 г. а. Ян Матусевіч з Барунаў і а. Уладзіслаў Чарняўскі наведалі Беларускую Каталіцкую Місію ў Лондане. Там сустрэліся з а. Аляксандрам Надсанам, вялікая перакладчыцкая праца (літургічных тэкстаў візантыйскага абраду) якога была каштоўным заахвочваннем для перакладчыцкага подзвігу а. Уладзіслава.

У Лондане былі надрукаваны (у вельмі простай форме) некаторыя літургічныя пераклады а. Уладзіслава Чарняўскага

Зробленыя айцом Уладзіславам Чарняўскім пераклады рыма-каталіцкіх літургічных тэкстаў (Рымскага Імшала, Рытуала) і Бібліі мелі агромнае значэнне для набліжэння да Каталіцкага Касцёла патрыятычнай інтэлігенцыі (асабліва моладзі) і дазволілі пачаць служыць святую Імшу па-беларуску на пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя (між іншым, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску).

25 сакавіка 1997 г. а. Уладзіслаў Чарняўскі быў ганараваны ордэнам «Гонар Айчыны» і адпаведным дыпломам. Занесены ў Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».

У 2000 Юбілейным Годзе рашэннем Нацыянальнага аргкамітэта святкавання 2000-годдзя хрысціянства, за подпісам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У. В. Ярмошына ад 22.12.2000 г., а. Уладзіслаў атрымаў памятны медаль.

Падобна Ганаровую грамату ён атрымаў ад Валожынскага раённага выканаўчага камітэта «за вялікую асветніцкую дзейнасць, прапаганду беларускай мовы і здаровага ладу жыцця» (красавік 2001 г.).

Памёр а. Уладзіслаў Чарняўскі 22 снежня 2001 г. у Вішневе, пахаваны каля мясцовага касцёла.

Паводле svjazep.org, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.