Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Масквічка ахвяравала буйную суму на выданне ў Беларусі кнігі маці 18 дзяцей
Беларусь
15.01.2016 12:59

Ужо сабраны грошы на пераклад кнігі маці 18 дзяцей з Іспаніі, пачаты збор ахвяраванняў на друк тыража. Буйную суму — большую за сабраныя сродкі ўсёй гомельскай парафіі — на гэтую справу ахвяравала масквічка Алена.

Працягваецца збор ахвяраванняў на пераклад і выданне ў Беларусі кнігі маці 18 дзяцей «Як атрымліваць асалоду ад сям'і з 1, 2, 3... дзецьмі». Aўтар кнігі, 49-гадовая іспанка Роза Пік (Rosa Pich), нарадзіла 18 дзяцей, але трое з іх памерлі, і цяпер у сям’і Розы і Хасэ-Марыі Пасціга — адной з самых вялікіх у Еўропе — 15 дзяцей узростам ад 4 да 22 гадоў. Шматдзетныя сужэнцы-католікі не толькі працуюць і выхоўваюць дзяцей, але і прымаюць актыўны ўдзел у працы IFFD — Міжнароднай Федэрацыі ўмацавання сем'яў.

Пасля аб'явы на сайце katolik-gomel.by пра збор ахвяраванняў адгукнуліся некалькі чалавек з Беларусі, а таксама парафіянка аднаго з каталіцкіх храмаў Масквы, маці траіх дзяцей Алена. Нягледзячы на тое, што кнігу перакладаюць на беларускую мову, расіянка перадала досыць буйную суму — больш, чым удалося сабраць ва ўсёй гомельскай парафіі. Па просьбе журналістаў гомельскага парафіяльнага сайта Алена патлумачыла свой жэст:

«Грошы — яны такія непастаянныя, то прыходзяць, то сыходзяць... Думаю, гэтая кніга дапаможа, у першую чаргу, жанчынам адысці ад стэрэатыпаў у пытаннях нараджэння і выхавання дзяцей. У нас з мужам дзяцей трое, і я ніколі не забуду здзіўленне сярод сваякоў і знаёмых, якія даведаліся, што мы збіраемся нарадзіць другое дзіця. А ўжо калі праз год у нас нарадзіўся трэці, для некаторых быў шок... Як можна нараджаць у такі час і наогул навошта?! Затое ў нас з’явіліся паслядоўнікі. І нават адна жанчына перадумала рабіць аборт».

Такім чынам дзякуючы Алене, гомельскім парафіянам і некалькім католікам з іншых гарадоў Беларусі, цалкам сабраны грошы на пераклад кнігі, які пакуль доўжыцца, і пачаты збор сродкаў на друк накладу ў тысячу асобнікаў.

Калі ў сям'і Хасэ-Марыі і Розы нарадзілася іх першая дачка, урачы не давалі ёй і трох гадоў жыцця: у немаўляці былі праблемы з сэрцам. Разам з тым дзяўчынка выжыла на радасць бацькам, братам і сёстрам, якія нарадзіліся пазней. Праблемы з сэрцам мелі яшчэ двое дзяцей, і яны памерлі, калі ім было толькі дзесяць дзён і паўтара гады. Дзяўчынка-першынец пражыла 20 гадоў. І ўрачы, і некаторыя сябры не раілі сужэнцам наогул мець дзяцей.

«Але Бог мае свае планы. Ніхто не можа вырашаць пытанне — колькі муж і жонка павінны ці не павінны мець дзяцей. Гэта вырашаецца толькі паміж мужам і жонкай», — адзначае Роза.

Кніга «Як атрымліваць асалоду ад сям'і з 1, 2, 3... дзецьмі» ўжо перакладзена на сем моў свету і зараз па ініцыятыве католікаў з Гомеля, якія сустракаліся з сям'ёй Хасэ-Марыі і Розы, рыхтуецца і пераклад на беларускую мову. Роза падарыла аўтарскія правы на кнігу і падтрымала ідэю перакладу яе на беларускую мову без прэтэнзіі на ганарар.

«Адно дзіця — адзін свет. 16 дзяцей — больш прыгод. Кожнае новае дзіця — новая прыгода. Калі ў мяне нараджаецца дзіця — у мяне пачынаецца новае жыццё», — гаворыць Роза.

Кажучы пра тое, у чым сакрэт такога аптымізму, жыццёвай энергіі, сілы, любові, часу на ўсё, жанчына распавядае:

«Вы гатовыя выслухаць мой сакрэт? Ён такі. Прачынаюся я заўсёды рана і іду на святую Імшу. Пасля Імшы паўгадзіны малюся – за кожнага са сваіх дзяцей, за мужа, за сябе, за працу, за тых людзей, якія прасілі памаліцца, за грамадскую працу. А калі не малюся — адчуваю сябе больш стомленай і нервовай. Калі ў галаве хаос — чытаю псальмы, ці "Шлях" Хосэмарыі Эскрывы, іншую духоўную літаратуру. І тады я натхняюся».

«Што самае цяжкае ў жыцці? Калі ты ўспрымаеш усё як магчымасці, у тым ліку для таго, каб удасканаліцца, то нічога. Час ад часу бываюць крызісы, сужэнцы могуць паспрачацца, але важна мець даверлівыя стасункі, умець размаўляць. У бацькі і маці павінен быць нейкі час, прысвечаны адно аднаму, калі яны могуць спакойна пагаварыць ці пагуляць разам. Калі дзеці бачаць, што бацькі разам — то ўся сям'я спакойная. Калі дзеці бачаць, што бацькі разам — яны таксама праз гэта вучацца нармальным стасункам. Важна ўмець прабачаць, прасіць прабачэння — як адно ў аднаго, так і ў дзяцей», — падкрэсліла жанчына.

Папярэдняя дамоўленасць аб выпуску кнігі маецца з выдавецтвам «PRO CHRISTO» пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, працуе над перакладам Юлія Шэдзько.

Тыя, хто хоча дапамагчы і жыве не ў Гомелі, могуць пакідаць каментарыі са сваімі кантактамі на старонцы katolik-gomel.by. Тыя, хто пералічыць на выданне кнігі добрае ахвяраванне, атрымаюць асобнік першымі.

Паводле katolik-gomel.by, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.