Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзевая місія «Чыстае сэрца» падсумавала вынікі працы ў 2015 годзе
Беларусь
15.01.2016 17:06

Моладзевай місіі «Чыстае сэрца» ў 2015 г. споўнілася чатыры гады, і адважных удзельнікаў місіі, якая пашырае ўсмешкі і радасць на тварах дзяцей, з кожным годам робіцца ўсё больш.

2015 год пачаўся і скончыўся святочнымі акцыямі ў гонар Нараджэння Хрыста — «Святы Мікалай адказвае» і «Калядная ўсмешка». Праект задумваўся як магчымасць для дзяцей атрымаць ліст ад святога, аднак дзякуючы партнёрам місіі дзеці атрымалі не толькі святочныя паштоўкі, але і запрашэнні-квіткі на лядовае шоў. А падчас другой «святамікалаеўскай» акцыі ў канцы снежня святы Мікалай асабіста наведаў аднаго з дзяцей і прынёс яму падарункі.


У студзені 2015 году падчас «Каляднай ўсмешкі» сябры місіі наведалі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Чэрвень, арганізаваўшы для 49 дзяцей навагоднюю забаўляльна-гульнявую праграму. У такіх цэнтрах вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама з малазабяспечаных сем'яў.

Падчас новага сезону «Чыстае сэрца» арганізавала чатыры калядныя ранішнікі ў мінскіх каталіцкіх парафіях — з забаўляльнай праграмай, майстар-класамі і падарункамі.


Падчас акцыі «Бумеранг дабра» кіраўніцтва місіі прывезла падарункі дзецям «Місіі добрага самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай» у Мінску. А самі дзеці з гэтай арганізацыі зладзілі свята для сваіх бабуль і дзядуляў.

Чарговы раз праводзіліся ў 2015 годзе зімнія і летнія «Гульні чыстых сэрцаў» для так званых «складаных дзяцей», дзяцей са «складаных сем'яў», дзіцячых дамоў і інтэрнатаў.


Адбыўся музычны фэст «Таленты чыстых сэрцаў», перад якім прайшлі адборачныя канцэрты на дзевяці пляцоўках з удзелам дзяцей з дзіцячых дамоў і інтэрнатаў Мінска і Мінскай обласці. Скончыўся фэст 28 чэрвеня гала-канцэртам ў Рэспубліканскім навуковым цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах.

Таксама летам місія ўдзельнічала ў фэсце ў Будславе і ў Парафіядзе дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянцы.


«Чыстае сэрца» пазнаёмілася з хлопцамі ў лячэбна-выхаваўчай установе зачыненага тыпу ў мястэчку Крывічы. Для іх былі арганізаваны канцэрт, інтэлектуальныя і спартыўныя гульні, майстар-класы і псіхалагічныя трэнінгі. На Божае Нараджэнне місія зноў наведала хлопцаў і падрыхтавала для іх падарункі і спектакль-мюзікл.

Місія падтрымала Данііла Савеню, які гадуецца ў Маладзечанскай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку. Таленавіты хлопец прыняў удзел у міжнародным фестывалі песні «Салют талентаў» і атрымаў Гран-пры ІІІ ступені ў Суперфінале сярод вакалістаў.


У 2015 годзе «Чыстае сэрца» пачало збор сродкаў на стварэнне спецыяльных лагапедычных праграм для смартфонаў і стацыянарных камп'ютараў, каб дапамагаць у развіцці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Вядуцца перамовы ў аблвыканкаме, каб такія праграмы былі ва ўсіх цэнтрах карэкцыйна-развіваючай адукацыі і рэабілітацыі, а таксама ў дзіцячых дамах і інтэрнатах.

Дарэчы, у місіі з'явілася магчымасць рэгулярна праводзіць сустрэчы валанцёраў — яны адбываюцца кожную сераду ў 19.30 па адрасе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 44а (касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы).

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.