Пастар Уладзімір Татарнікаў: «Сёння вельмі патрэбны сумесны, адзіны голас хрысціянскага Касцёла» |
Беларусь |
20.01.2016 09:12 |
«Калі казаць аб тым, ці патрэбна нам малітва аб еднасці хрысціян, напэўна, у ХХІ стагоддзі вельмі актуальна гаварыць пра неабходнасць маліцца разам», — сказаў у каментарыі для Catholic.by з нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які праходзіць з 18 па 25 студзеня, пастар Евангельска-лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў. «Калісьці было складана ўявіць, што
хрысціяне розных канфесій будуць маліцца адзін з адным» Кіраўнік лютэранскай супольнасці ў Гродне нагадаў, што малітва аб еднасці хрысціян праходзіць ужо 49 разоў запар, «прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій збіраюцца разам, каб яшчэ раз паразважаць над чарговым дэвізам, вершамі са Святога Пісання», «разам памаліцца».
«У секулярызаваным грамадстве сумеснае сведчанне веры мае большую вагу» Секулярызацыя ўскладняе тлумачэнне таго, што азначае вера. Многія людзі ў Еўропе і ва ўсім свеце адвярнуліся ад Касцёла. Назіраецца значная страта веры і традыцый. У многіх людзей больш няма ніякай сувязі з рэлігіяй. І сёння вельмі патрэбны сумесны, адзіны голас хрысціянскага Касцёла. І ў сумеснай малітве мы таксама можам вучыцца адзін у аднаго. У секулярызаваным свецкім грамадстве сумеснае сведчанне веры з боку хрысціян мае большую вагу. Чым мацней будуць нашы сумесныя выступленні, тым хутчэй нас пачуюць», — выказаў думку пастар Уладзімір Татарнікаў. (JM), (AG) |