Збор подпісаў за вуліцу Тадэвуша Касцюшкі ў Мінску пачаўся ў інтэрнэце |
Беларусь |
21.01.2016 12:00 |
«Таварыства беларускай мовы» прапануе даць адной з мінскіх вуліц імя нашага славутага земляка і адзінаверца, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША. Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў вёсцы Мерачоўшчына тагачаснага Слонімскага павету Вялікага княства Літоўскага. Прафесійны вайсковец у 30 гадоў пераехаў у Амерыку, дзе каланісты пачалі вайну за незалежнасць. За заслугі атрымаў званне генерала. У 1794 годзе ён узначаліў змаганне за незалежнасць Рэчы Паспалітай і быў паранены ў баях. Пасля вызвалення з палону Тадэвуш Касцюшка жыў у эміграцыі. Абараняючы хрысціянскае разуменне чалавечай годнасці і маралі, Тадэвуш Касцюшка выступаў за роўнасць правоў людзей, адмену прыгоннага права, вяршынства закону і ахвяраваў сваю амерыканскую маёмасць на вызваленне нявольнікаў. Зараз у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Косаве (Пінская дыяцэзія) захоўваецца купель, у якой хрысцілі будучага ваеначальніка. Вуліцы і помнікі ў гонар Касцюшкі існуюць у ЗША, Польшчы, Украіне, Расіі і некаторых гарадах Беларусі, але іх пакуль няма ў беларускай сталіцы. Жадаючыя могуць падпісаць на сайце Zvarot.by калектыўны зварот, які адпавядае ўсім патрабаванням беларускага заканадаўства. Звароты будуць скіраваны ў Мінгарвыканкам 4 лютага — у дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. Аляксандр Гелагаеў |