Адышоў у вечнасць марыянін а. Антоні Лось, які шмат гадоў быў душпастырам у Беларусі |
Беларусь |
21.01.2016 15:03 |
20 студзеня ў кляштары айцоў марыянаў у Ліхені (Польшча) адышоў да Бога а. Антоні Лось МІС (малодшы) на 72-м годзе жыцця, 53-м годзе манаскага паклікання і 46-м годзе святарскага служэння. Айцец Антоні Лось нарадзіўся 7 сакавіка 1944 г. у Беларусі ў каталіцкай сям’і, у вёсцы Русакі, парафіі Удзела (Глыбоцкага р-на), і тут атрымаў пачатковую адукацыю. У 1958 г. з бацькамі і ўсімі роднымі эміграваў у Польшчу. Там у ліпені 1962 г. уступіў у Кангрэгацыю айцоў марыянаў. Першыя манаскія абяцанні склаў 15 жніўня 1963 г., пасля чаго быў накіраваны на вучобу ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Влоцлаўку. Пасля заканчэння другога года навучання філасофіі быў скіраваны на вучобу ў Люблін, якую скончыў у 1969 г., атрымаўшы ступень магістра тэалогіі на аснове працы «Гадзіна Хрыста (Ян 2, 4) у інтэрпрэтацыі айцоў Касцёла». Вечныя манаскія абяцанні склаў у Скурцу каля Седлец (Польшча) 15 жніўня 1969 г. У гэтым жа годзе быў накіраваны катэхетам у Сточак Варміньскі. У 1970 г. у Ольштыне атрымаў пасвячэнне субдыяканату і дыяканату. 5 верасня 1970 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Гуры Кальварыя з рук сакратара епіскапату Польшчы біскупа Браніслава Дамброўскага FDP. У гэтым жа годзе быў скіраваны на катэхетычную працу ў Ліхень, у 1971 годзе ў Скужэц каля Седлец (Польшча), а ў 1974 годзе у Грудзёнц (Польшча). У 1975 г. па асабістай просьбе а. Антоні Лось пераехаў у Лондан у кляштар беларускіх марыянаў усходняга абраду, дзе нёс святарскае служэнне ў Беларускай Каталіцкай Місіі. У 1978 г. выконваў функцыю эканома. У 1979 г. у Вашынгтоне (ЗША) вывучаў багаслоўе духоўнасці, а пасля (у 1981-1993 гг.) быў кіраўніком навіцыяту Англійскай правінцыі Кангрэгацыі айцоў марыянаў. У Беларусь а. Антоні вярнуўся па ўласнай ініцыятыве ў 1993 г. Атрымаў пасаду пробашча ў Друі з рэзідэнцыяй у Росіцы. У 2000 г. быў скіраваны на працу ў Жодзіна і адначасова спаўняў абавязкі пробашча ў Крупках. У 2005 г. нанова быў скіраваны на працу ў Друю, дзе выконваў абавязкі вікарыя. У 2012 г. быў скіраваны на працу ў Ліхень у санктуарый Маці Божай Ліхеньскай. Айцец Антоні быў святаром вялікай сціпласці, пакорлівасці і цярплівасці. Пахаванне спачылага а. Антонія адбудзецца ў Ліхені 22 студзеня ў 12.00. Дай, Божа, слузе Твайму святару Антонію вечны спачын і захавай яго ў вечнай памяці! (АлГ) |