Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускія місіянеры аблаты адзначылі 200-годдзе дзейнасці сваёй супольнасці
Беларусь
25.01.2016 22:09

200-годдзе з моманту заснавання сваёй супольнасці адзначылі місіянеры аблаты Беззаганнай Марыі, якія працуюць у Беларусі. Урачыстая святая Імша з гэтай нагоды 25 студзеня прайшла ў парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ў Мінску.

Падтрымаць айцоў аблатаў у дзень заснавання іх супольнасці на ўрачыстую Імшу прыбылі парафіяне, моладзь, а таксама духавенства на чале з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім.



У гаміліі іерарх звярнуўся да ўрыўка з кнігі Дзеяў Апосталаў, дзе прыгадваецца навяртанне Саўла, і падкрэсліў моц навяртання, якую Бог дае чалавеку.

Таксама біскуп прыгадаў гісторыю ўзнікнення супольнасці айцоў аблатаў і шлях іх распаўсюджвання ў свеце. «Мы бачым благаслаўленне Бога — ніякія цяжкасці, катаклізмы, хваробы не спынілі айцоў аблатаў на шляху абвяшчэння Евангелля», — сказаў іерарх.



Прыгадваючы пачатак місіі аблатаў на беларускіх землях, біскуп адзначыў важную ролю ў яе станаўленні а. Войцеха Навачэка OMI і а. Казіміра Янджэйчака OMI.

«Калі Езус благаслаўляе на нейкую справу, то Ён заўсёды дае сілы ісці па гэтай дарозе, — дадаў іерарх. — У дзейнасці айцоў аблатаў заўважная Божая падтрымка. Калі б гэта не было Божай справай, то ўсё даўно б заціхла, але так не адбылося».

Паводле слоў іерарха, хоць місія аблатаў і налічвае толькі 200 гадоў, што не так шмат у межах хрысціянства, гэта місія дае плён і з’яўляецца багаццем Касцёла. Біскуп пажадаў айцам «чалавечага поспеху» ў далейшай працы, а таксама «бачыць свой плён на гэтай зямлі».
«Няхай Панна Марыя, у рукі якой аддаў сваё служэнне святы Яўген дэ Мазэно, ахінае плашчом вас і вашу працу, каб, несучы Божае слова людзям, вы выконвалі напісанае ў Евангеллі: ідзіце і прапаведуйце», — заключыў іерарх.


Наступным пунктам урачыстасці стала аднаўленне айцамі аблатамі манаскіх абяцанняў чыстасці, убоства, паслухмянасці і вернасці Кангрэгацыі.

На заканчэнне святой Імшы падчас Чыну ахвяравання Супольнасці Місіянераў Аблатаў супрыёр місіі супольнасці ў Беларусі а. Ежы Катоўскі OMI прачытаў аблацкую малітву прысвячэння Беззаганнай Панне Марыі, такім чынам даверыўшы прысутных Беззаганнай Марыі.



Аблаты: учора і сёння

Місіянеры Аблаты Беззаганнай Марыі — манаская супольнасць, заснаваная святым Яўгенам дэ Мазэно 25 студзеня 1816 года ў Экс (французская Правансія). Спачатку ён знайшоў чатырох святароў-добраахвотнікаў, якія падзялялі ягоны запал і хацелі прысвяціць сябе аднаўленню Касцёла, знішчанага Французскай рэвалюцыяй.

Першапачаткова супольнасць святароў называлася «Місіянеры Правансіі», а асноўнай дзейнасцю яе айцоў было маральнае аднаўленне французскага народа праз абвяшчэнне рэкалекцый і святых парафіяльных місій. На момант зацвярджэння супольнасці Папам Львом XII у 1826 годзе яе членамі было толькі 20 аблатаў і восем чалавек у навіцыяце, сабраных у чатырох манаскіх дамах.



У дзень смерці айца-заснавальніка супольнасць налічвала ўжо 414 членаў і мела свае пляцоўкі ў Еўропе, у Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы, у Азіі і ў Афрыцы. Неўзабаве прысутнасць аблатаў была пашыраная таксама на Аўстралію, Акіянію і Паўднёвую Амерыку. На сёння да супольнасці належыць каля 4,5 тысяч законнікаў, з якіх толькі шасцёра працуюць у Беларусі.

Ілья Лапато, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.