Упершыню ў Беларусі ў FM-дыяпазоне з'явяцца штодзённыя праграмы каталіцкага радыё |
Беларусь |
27.01.2016 11:37 |
Упершыню за 66-гадовую гісторыю беларускія праграмы з Ватыкана будуць рэтрансліравацца іншай радыёстанцыяй штодзённа і ў поўным фармаце. Важна і тое, што гэтая радыёстанцыя — свецкае і беларускае «Радыё Рацыя». Беларускае «Радыё Рацыя» з 1 лютага 2016 г. пачынае штодзённую рэтрансляцыю праграм Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. 19-хвілінная перадача з Ватыкана будзе выходзіць у эфір з панядзелка па пятніцу ў 22.10 паводле беларускага часу, а па суботах і нядзелях у 23.10. Вяшчанне «Радыё Рацыя» ахоплівае тэрыторыю, якую насяляе каля 2,5 мільёнаў чалавек. На хвалі 98,1 FM яго можна слухаць у Беластоку, Гродне, Ваўкавыску, Шчучыне, Лідзе, Мастах, Лунне, Сапоцкіне, Бераставіцы, Скідзелі, Індуры, Зэльве, Азёрах, Гайнаўцы, Бельску-Падляшскім, Сямятычах, Саколцы, Аўгустове. На хвалі 99,2 FM – у Брэсце, Белай-Падляшскай, Камянцы, Высокім, Маларыце. «Радыё Рацыя» можна слухаць практычна ва ўсёй паласе польска-беларускай мяжы. Навіны Ватыканскага радыё выходзяць у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Але выпуск, працягласцю ўсяго 5 хвілін, гучыць толькі раз на тыдзень, у нядзелю раніцай. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ) |