Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Салезіянская сям’я атрымала настаўленне свайго Генеральнага настаяцеля на 2016 год
Беларусь
28.01.2016 10:00

Дэвіз Салезіянскай сям’і на 2016 год гучыць так: «З Езусам перажываем разам прыгоду Духа Святога!» Гэтыя словы разам і кожнае паасобку — як духоўны план развіцця на год для кожнага салезіяніна і салезіянкі, кожнага, каму блізкая салезіянская харызма.

У гэтым годзе Генеральны настаяцель кс. Анхель Фернандэс Арцімэ SDB заклікаў кожнага са сваіх духоўных дзяцей дазволіць Святому Духу кіраваць жыццёвай дарогай, ісці па ёй разам з Езусам і разам з маладымі — супольна.

Ксёндз Анхель Фернандэс Арцімэ падкрэслівае, што ў Касцёле не існуе дарогі, якая б не была дарогай супольнасці, звяртае ўвагу, што Езус, які ёсць цэнтрам усяго, таксама дазволіў Святому Духу кіраваць, і Езус запрашае кожнага наследаваць Яго.

«Езус вандруе і прызывае. Ён кажа: “Хадземце, вы Мне патрэбныя”. Ён не кажа: “Ідзі” — але “Ідзі са Мной”», — гаворыць адказны за Салезіянскую сям’ю.

Таксама перад Новым годам быў запісаны відэазварот Генеральнага настаяцеля, у якім ён коратка раскрывае сэнс дэвізу — быццам бы малюе эскіз.

«Дарагая Салезіянская сям’я, мая дарагая моладзь, — звяртаецца святар, — прашу вас, не бойцеся гэтага выкліку, аб якім ідзе гаворка ў дэвізе, які я вам прадстаўляю. Заахвочваю вас усіх да супольнага пераадолення гэтай дарогі».

Адначасова з гэтым Салезіянская сям’я атрымала каментар да дэвізу, у якім кс. Анхель Фернандэс Арцімэ падрабязна апісвае значэнне дэвізу, які «дапаможа больш глыбока паразважаць і знайсці больш грунтоўны змест».

Каментар да дэвізу тлумачыць сэнс кожнага яго слова, дае парады, якім чынам гэтыя словы павінны дзейнічаць у жыцці. Гэтыя рэчы будуць перакладзены на беларускую мову і апублікаваны на сайце sdb.by.

Дэвіз, а яшчэ больш дакладна «Падарунак» (Strenna з іт. — падарунак) — гэта словы, якія скіроўвае напрыканцы кожнага года Генеральны настаяцель да ўсёй Салезіянскай сям’і, віншуе са святамі і дае настаўленне на наступны год, як калісьці рабіў гэта і сам ксёндз Боско. Ксёндз Анхель Фернандэс Арцімэ, абраны Генеральным настаяцелем у 2014 годзе, называе дэвіз прыгажосцю духоўнай спадчыны кс. Боско.

Першыя пасланні, якія ў выглядзе дэвізаў захаваліся ў традыцыі салезіян, паходзяць з сярэдзіны XIX стагоддзя. Стратэгіяй, якую выкарыстоўваў кс. Боско, было напісанне час ад часу нататак, якія ён перадаваў тым, каму хацеў даць нейкую параду. Некаторыя з тых нататак захаваліся дагэтуль.

Гэта вельмі асабістыя пасланні, якія запрашаюць да добрых учынкаў або даюць параду ў выпраўленні чагосьці, што ішло нядобра.

Акрамя гэтага, з першых гадоў існавання араторыя на заканчэнне кожнага года ксёндз Боско пачаў перадаваць дэвіз, скіраваны да ўсёй сваёй моладзі ўвогуле і да кожнага асабіста. У першым, агульным, прыводзіліся парады адносна паводзін і аспекты, якія неабходна мець на ўвазе, каб добра праходзіў новы год, які павінен быў распачацца.

Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.