Выдадзена Канстытуцыя Таварыства святога Францішка Сальскага на беларускай мове |
Беларусь |
01.02.2016 17:10 |
Як падкрэсліў рэгіянальны настаяцель Таварыства кс. Віктар Гайдукевіч SDB, праца над перакладам гэтага дакумента пачалася ўжо даўно, дзякуючы намаганням старэйшых сабратоў. Цяпер да гэтага далучылася новае пакаленне салезіянаў і іншыя людзі. Дэлегат скіраваў словы ўдзячнасці да ўсіх, хто дапамагаў рэалізаваць гэтую справу, звяртаючы ўвагу на глыбокі сэнс Канстытуцыі. «Каб мы, салезіяне, ніколі не згубілі духоўнае багацце нашай салезіянскай традыцыі і каб заўседы мелі вызначаную апостальскую праграму жыцця і дзейнасці, ксёндз Боско пасля сваёй смерці застаецца і надалей сярод нас у салезіянскай Канстытуцыі, якую кожны салезіянін атрымлівае, складаючы першыя часовыя манаскія абяцанні. У Канстытуцыі святы ксёндз Боско паказвае нам шлях нашага асвячэння і заахвочвае нас няспынна і мужна даваць сведчанне гэтага асвячэння, як найдаражэйшага дару для моладзі», — сказаў рэгіянальны настаяцель. Напрыканцы ўрачыстай святой Імшы ў гонар св. Яна Боско кс. Віктар Гайдукевіч звярнуўся да мансеньёра Марынко Антолавіча з просьбай асвяціць Канстытуцыю і ўручыць яе кожнаму сабрату. Пасля атрымання выдання салезіяне аднавілі манаскія абяцанні паслухмянасці, убоства і чыстасці ў святарскім служэнні на хвалу Богу і дзеля збаўлення душаў у харызме святога Яна Боско. (AG) Фота www.sdb.by |