Беларускія святары пазмагаюцца за 5-е месца на чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе ў Славакіі |
Беларусь |
03.02.2016 11:42 |
У славацкім горадзе Міхайлаўцы працягваецца X чэмпіянат Еўропы сярод святароў. 2 лютага пасля святой Імшы і прэс-канферэнцыі былі сыграны першыя матчы групавых стадый. Першая гульня з румынамі пачыналася спрыяльна для беларусаў. Дзякуючы кс. Дзмітрыю Несцеру ў першым тайме быў адкрыты лік, аднак у другім тайме румыны зраўнялі лік. Агульны вынік гульні: 1:1. Другая гульня з лідарамі групы харватамі абяцала быць вельмі няпростай, бо менавіта зборная Харватыі лічылася ў групе фаварытам. Доўгі час лік быў 0:0, аднак у другім тайме харваты змаглі забіць гол. Беларусы мелі шансы на тое, каб адыграцца, але не скарысталі іх.
Вырашальнай была трэцяя гульня з Казахстанам. Зборная Беларусі перамагла 3:0. Па розніцы ў мячах беларусы выйшлі на другое месца ў падгрупе пасля харватаў, што гарантавала абедзвюм камандам выхад з групы. Беларусь прэтэндуе на 5-е месца ў чэмпіянаце Далей беларусы гулялі з моцнай Партугаліяй. Гэта зборная не першы год паказвае стабільныя вынікі ў ТОП-3, таму лёгкай прагулкі беларусы не чакалі. Так і выйшла. Партугальцы былі мацней беларусаў 5:0. У другой пары паміж сабой гулялі Харватыя і Украіна, пераможцам матчу выйшлі харваты. У выніку беларусаў чакаў паядынак з суседзямі-ўкраінцамі, дзе святары з сінявокай былі больш стабільнымі. 1:0. За зборную забіў гол кс. Ян Кузюк. Дзякуючы гэтай перамозе святары з Беларусі ў чацвер згуляюць са зборнай Венгрыі за 5-6 месца.
«У гэтым годзе ўсе каманды паказваюць добры вынік, але гульня беларусаў стала добрым сюрпрызам – наперадзе нас толькі лепшая чацвёрка футбольных краін Еўропы», – распавёў Catholic.by адзін з членаў беларускай каманды кс. Павел Салабуда. У сераду для ўдзельнікаў турніру адбудзецца экскурсія ў Кошыцэ, дзе запланавана таксама малітва ў грэка-каталіцкай катэдры. У чацвер зборныя будуць гуляць за выніковыя месцы на чэмпіянаце. Усяго ў спаборніцтвах прымаюць удзел 15 збоных. (IL) |
Фотарэпартаж |