Пачаў працу сайт Апостальства дапамогі душам чыстцовым |
Беларусь |
03.02.2016 14:35 |
З благаслаўлення Яго Эксцэленцыі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча распачынае сваю дзейнасць сайт Апостальства дапамогі душам чыстцовым — апостальскага руху свецкіх вернікаў, арганізаванага Кангрэгацыяй сясцёр памочніцаў душам чыстцовым. Асноўная харызма гэтага руху — дапамагаць памерлым, якія церпяць у чыстцы, — малітвай, ахвяраваннем цярпенняў, міласцінай і добрымі ўчынкамі. На сайце Апостальства вы знойдзеце інфармацыю пра гісторыю яго ўзнікнення, пра тое, як можна стаць удзельнікам гэтага руху і што дае далучэнне да яго. У даведніку супольнасці АДДЧ сцвярджаецца: «Памятайма, што ўсе католікі пакліканыя да малітвы за памерлых, бо назва аднаго з учынкаў міласэрнасці для душы бліжняга так і гучыць: „Маліцца за жывых і памерлых“. Больш за тое, чалавек носіць у сабе глыбокую патрэбу належаць да супольнасці, таму што Бог, які нас стварыў паводле свайго вобразу і падабенства, з’яўляецца супольнасцю трох Асобаў. <…> У Дакументах Другога Ватыканскага Сабору падкрэсліваецца, што Касцёл — гэта супольнасць супольнасцяў. Таму нам неабходна супольнасць для таго, каб рэалізаваць сваё пакліканне да чалавечнасці і плённага жыцця ў веры». На сайце АДДЧ прапанаваныя шматлікія малітвы за канаючых і памерлых, якія церпяць у чыстцы, а таксама цікавыя артыкулы пра чысцец у вучэнні Касцёла і ў аб’яўленнях святых, пра хрысціянскае перажыванне жалобы і іншыя важныя аспекты лучнасці тых вернікаў, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі, з тымі, хто ўжо адышоў да Бога. |