Княгіня Сафія Слуцкая, якая магла быць каталічкай, афіцыйна стала святой для РПЦ |
Беларусь |
04.02.2016 16:25 |
Архірэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы пастанавіў ушаноўваць ва ўсёй Царкве дачку беларускай зямлі княгіню Сафію Слуцкую, якая з вялікай верагоднасцю была каталічкай. На ўзроўні ўсёй РПЦ як святых таксама будуць шанаваць Елісея Лаўрышаўскага, Марціна Тураўскага, Міну Полацкага, князя Расціслава Смаленскага. Раней гэтых святых шанавалі толькі ў межах Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату. Княгіня Сафія Слуцкая, якая жыла ў канцы XVI - пачатку XVII стагоддзяў, выйшла замуж за нясвіжскага князя Януша Радзівіла, а Слуцкае княства атрымала ў спадчыну ад сваіх дзядзькаў. Гісторык Анастасія Скеп'ян знайшла дакумент, у якім княгіня Соф'я называе сябе каталічкай. Помнік княгіні Сафіі Слуцкай у Мінску. Таксама знойдзены ліст, які Радзівілы дасылалі ў Рым з просьбай даць дазвол на шлюб Соф'і з некатолікам (пратэстантам) Радзівілам. Пра гэтыя знаходкі старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі дацэнт Анастасія Скеп'ян піша ў кнізе «Князі Слуцкія». Аляксандр Гелагаеў паводле Patriarchia.ru, Zviazda.by |