Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску: «У нас захоўваецца адзіная копія абраза Езуса Міласэрнага ў Беларусі, напісаная са слоў святой Фаўстыны»
Беларусь
09.02.2016 14:40

Юбілейны Год Божай Міласэрнасці стаў асаблівым годам і ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску, дзе будуецца Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасці.

Пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA у інтэрв’ю часопісу «Ave Maria» распавёў пра значэнне Юбілейнага Года для сваёй парафіі.

— У сваім жыцці я неаднойчы пераконваўся, што Божы Провід сапраўды ёсць і дзейнічае заўсёды. Гэта асабліва бачна, калі крыху азірнуцца назад: чамусьці мне ўзгадваецца, як я, будучы малым міністрантам у сваёй роднай парафіі ў Васілішках на Гродзеншчыне, у мясцовым касцёле сядзеў у прэзбітэрыі менавіта насупраць абраза Езуса Міласэрнага.


І гэты абраз мяне вельмі захапляў, бо Езус на гэтым абразе быў вельмі дзейсны — Ён хутка крочыў, спяшаючыся насустрач чалавеку. Але найбольш захапляльным для мяне было тое, што Езус глядзіць у вочы і ўсміхаецца. Ён усмешлівы — і мяне гэта вельмі ўражвала!

Ці ж мог тады я, малое дзіця, уявіць, што з гэтым абліччам імклівага і ўсмешлівага Езуса Міласэрнага сустрэнуся як святар, як манах Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала, як пробашч парафіі, які адказвае за будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці?

— Як Вы даведаліся пра рашэнне зрабіць санктуарый у Вашай парафіі?

— У 2003 годзе кіраўніцтва маёй Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала распачало перамовы са святой памяці кардыналам Казімірам Свёнткам пра пачатак майго служэння ў Мінску. Парафія была ўжо зарэгістраваная, але больш не было нічога.

Мы маліліся ў дамах парафіянаў, але асаблівым месцам малітвы для мяне было голае неба ў Лошыцкім парку на парэштках даўняй капліцы. Гэта было месца, якое патрабавала аднаўлення і ацалення, як і ацалення душаў людзей у гэтым агромністым мегаполісе.

І аднаго разу, калі мы маліліся каля крыжа на парэштках гэтай капліцы, там з’явіўся невялічкі абраз Божай Міласэрнасці. Ён прабыў там дзесьці з месяц і раптам кудысьці знік. Я быў моцна ўражаны, калі неўзабаве кардынал прыняў рашэнне, што менавіта тут, у нашай парафіі, будзе будавацца Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасці.

Звычайна санктуарыі з’яўляюцца там, дзе ўжо ёсць святыня, дзе ёсць пэўная рэліквія, і тады распаўсюджваецца яе культ. Для мяне было вельмі незвычайна, што Бог захацеў пабудаваць на гэтым голым, разбураным месцы штосьці новае, моцнае, трывалае на фундаменце любові і міласэрнасці.

Некаторы час вакол гэтай ідэі была пэўная ціша, але аднойчы разам з сем’ямі парафіянаў мы вярталіся з Польшчы, дзе пабывалі ў санктуарыі Божай Міласэрнасці. І там, узгадваючы пра нашую сітуацыю, я падумаў, што, пэўна, ідэя будаўніцтва немагчымая для рэалізацыі. І з гэтымі пачуццямі напісаў і пакінуў у санктуарыі картку ў інтэнцыі нашага будаўніцтва.

Калі мы вярнуліся ў Мінск, неўзабаве мне патэлефанаваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і сказаў, што абраз Езуса Міласэрнага, які быў на той час у архікатэдральным касцёле, распачынае перэгрынацыю па дыяцэзіях Беларусі, а пасля перэгрынацыі ён будзе перададзены ў нашую парафію, каб пазней быць змешчаным у будучым Нацыянальным санктуарыі Божай Міласэрнасці.

— Адкуль паходзіць гісторыя абраза Божай Міласэрнасці, які цяпер ёсць у вашай парафіі?  

— Культ Божай Міласэрнасці — самы новы і, бадай, найбольш распаўсюджаны сярод вядомых культаў у Каталіцкім Касцёле. Існуе пяць формаў культу: абраз Езуса Міласэрнага, свята Міласэрнасці, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Гадзіна міласэрнасці і распаўсюджванне культу Божай міласэрнасці.

Праўда пра Божую міласэрнасць вядомая ад вякоў, яна ёсць у Святым Пісанні: Езус паказвае, што Ён не стамляецца быць цярплівым і міласэрным да кожнага чалавека. Але ў міжваенны час — паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі, калі асабліва ўзмацніўся грэх і людское цярпенне, — Езус ізноў паклікаў людзей да сваёй міласэрнасці і абвясціў яе праз манашку — святую сястру Фаўстыну.

Гэтае пакліканне яна запісала ў сваім «Дзённіку», і такім чынам сталася найвялікшай прапаведніцай Божай міласэрнасці — культу, заснаванага на поўным даверы Богу, пакоры і міласэрнасці, асабліва да бліжняга.

Чалавек, які выконвае гэтыя ўмовы, з’яўляецца жывым вобразам Божай міласэрнасці. У Каталіцкім Касцёле свята Божай міласэрнасці ўсталявана 30 красавіка 2000 года святым Янам Паўлам II з нагоды далучэння да ліку святых сястры Фаўстыны, і адзначаецца яно ў першую нядзелю пасля Вялікадня.

Абраз Езуса Міласэрнага ў нашай парафіі — гэта адзіная ў Беларусі копія абраза Езуса Міласэрнага, напісанага са словаў святой Фаўстыны Кавальскай.

— У Год Міласэрнасці ў вашай парафіі арганізаваны Вяночак да Божай Міласэрнасці анлайн, які штодзённа а 15-й гадзіне транслюецца на Catholic.by. , але людзі ў гэты час працуюць... Ці не складаная гэта задача?

— 8 снежня, у дзень Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, калі былі адчынены Брамы Міласэрнасці ў санктуарыях і касцёлах свету, мы распачалі штодзённую малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці.

Упершыню ў гісторыі нашага Касцёла гэтая малітва пачала транслявацца праз інтэрнэт для вернікаў нашай парафіі і ўсяго Касцёла.

Але ў нашай парафіі мы молімся Вяночак вельмі даўно, і ўжо гадоў пяць, таксама штодня, а 15-й гадзіне выстаўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, які застаецца да вячэрняй святой Імшы, каб кожны чалавек мог прыйсці і памаліцца.

Я не сказаў бы, што тут ёсць нейкія цяжкасці. Так, было такое хваляванне, ці зможам мы адказна выканаць пастаўленую задачу, ці дамо рады, ці будзе дастаткова на малітве людзей. Але людзі ёсць увесь час, асабліва падчас выходных дзён. І для нас, святароў, для парафіі гэтае набажэнства не з’яўляецца якімсьці цяжарам.

Гэтага цяжару зусім не адчуваецца, але адчуваецца благаслаўленне і Божая ласка ў справе ўзрастання і ўмацавання нашай парафіі, нашага жывога Касцёла, і ласка благаслаўлення ў справе будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці.

Размаўляла Галіна Абакунчык
Пададзена ў скарачэнні
Тэкст цалкам чытайце на ave-maria.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.