Каталіцкае выдавецтва «Pro Christo» — экспанент XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу (абноўлена) |
Беларусь |
11.02.2016 10:28 |
Выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» прымае ўдзел у
XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая з 10 па 14
лютага праходзіць у сталіцы. Вялікі плакат на стэндзе выдавецтва з выяваю абраза Езуса Міласэрнага нагадвае наведвальнікам, што 2016 год у Каталіцкім Касцёле прысвечаны Году Міласэрнасці. Таму галоўны акцэнт — кнігі і малітоўнікі, прысвечаныя Божай міласэрнасці. «Дзённік» святой сястры Фаўстыны Кавальскай у перакладзе на беларускую мову пісьменніцы Крыстыны Лялько — у цэнтры ўвагі наведвальнікаў. Сярод новых выданняў — кніга кс. Яна Твардоўскага «Вазьмі свой крыж.
Разважанні Крыжовага шляху» (пераклад на беларускую мову Ганны
Шаўчэнка), выдадзеная да 100-гадовага юбілея Твардоўскага. Выйшла таксама чарговая кніга з серыі рэкалекцыйных разважанняў а. Юзафа Аўгустына SJ «Дай мне пить» (папярэднія кнігі «Исцеление от чувства обиды» і «Адам, где ты?»). Гэтая кніга, як і папярэднія, адрасуецца ўсім тым, хто хоча заглыбіцца ў ігнацыянскую духоўнасць, дапаможа лепш пазнаць свой унутраны духоўны стан… Ганаровым госцем сёлетняй Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу стала Арменія, якая прывезла ў Беларусь і свой галоўны экспанат — самую старую Біблію Арменіі, надрукаваную ў 1666 годзе. Усяго ў ліку ўдзельнікаў выстаўкі — кнігавыдаўцы з 29 краін свету, у ліку якіх Венесуэла, Германія, Вялікабрытанія, Ізраіль, Карэя, Кітай, Польшча, ЗША, Фінляндыя, Украіна, Расія, Швейцарыя, Швецыя і інш. XXIII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш будзе праходзіць да 14 лютага ў «Белэкспа» (пр. Пераможцаў, 14). Арганізатар — Міністэрства інфармацыі і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. (IL) |