Пошук новых звестак пра Францішка Скарыну вядзецца ў Ватыкане |
Беларусь |
11.02.2016 16:43 |
Новыя падрабязнасці аб жыцці Францішка Скарыны спрабуе знайсці сярод ватыканскіх архіўных дакументаў гісторык і мовазнаўца Алесь Жлутка. На працягу некалькіх дзён ён працаваў у Ватыканскім сакрэтным архіве, каб пацвердзіць версію аб магчымай прысутнасці беларускага першадрукара на V Латэранскім Саборы, які праходзіў у 1512-1514 гг. У каментары для беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Алесь Жлутка распавёў, што падобная гіпотэза належыць «маладому, але вядомаму перакладчыку і пісьменніку» Антону Францішку Брылю. Ён звярнуў увагу на існаванне дакумента, у якім цырымонімайстар Папы Юлія ІІ кажа аб прысутнасці на Саборы пасольства караля Даніі Ханса, у складзе якога мог быць і Скарына. Гаворка ідзе пра 1512 г. «У тым годзе Францішак Скарына абараніў доктарскую дысертацыю ў Падуанскім універсітэце, у дакументах якога ён пазначаны як сакратар дацкага караля. Гэтыя дзве падзеі раздзяляюць толькі тры месяцы. Цалкам магчыма, што Францішак Скарына ўдзельнічаў у гэтым пасольстве да Папы Рымскага, у сувязі з Латэранскім Саборам. Магчыма, што на адваротным шляху ён якраз і абараніў доктарскую дысертацыю ў Падуі», — адзначыў Алесь Жлутка. Пакуль дакладных звестак пра самога Скарыну ў складзе дацкага пасольства на Саборы адшукаць не атрымалася, але аналіз дакументаў, звязаных з гэтай гіпотэзай працягваецца. Алесь Жлутка распавёў, што ў біяграфіі Францішка Скарыны застаюцца белыя плямы. Пасля атрымання ім ступені бакалаўра ў Кракаве ў 1508 г. звесткі пра яго прападаюць, і менавіта да 1512 г. Дзе ён знаходзіўся ў гэты час — невядома. Дзе атрымаў магістрскую ступень — таксама. Калі пацвердзіцца версія пра яго прысутнасць на Латэранскім Саборы, то з’явяцца падставы для пошуку звестак па яго біяграфіі ў іншых накірунках, мяркуе гісторык. Няшмат вядома і пра маладыя гады будучага першадрукага. Алесь Жлутка заўважыў, што ў гэты перыяд у Полацку быў заснаваны бернардынскі кляштар, пры якім Скарына мог атрымаць першую адукацыю, і нават імя — Францішак — у гонар св. Францішка Асізскага, заснавальніка Ордэна меншых братоў, які на тэрыторыі ВКЛ і Польшчы называлі «бернардынскім». Яго далейшая вучоба ў Вільні і Кракаве таксама супадае з арэалам дзейнасці гэтай манаскай супольнасці. Не выключана, што Скарына мог мець мецэнатаў сярод яе членаў. Паводле Алеся Жлуткі, важна працягваць даследваць асобу Францішка Скарыны і ў кантэксце ініцыятывы адносна яго кананізацыі. «Калі ўзяць яго прадмовы, яны самі па сабе сведчаць: у іх ён выглядае чалавекам глыбокай веры, а таксама патрыётам сваёй Бацькаўшчыны: чалавекам, які любіць і Айчыну, і людзей, што жывуць на гэтай зямлі, з якой ён выйшаў. Ён узяў на сябе такую велізарную працу, якая не давала яму ніякіх матэрыяльных дэвідэнтаў. Сама асоба Скарыны, я думаю, заслугоўвае кананізацыі, паколькі гэта чалавек незвычайнага таленту, які з’яўляўся перакладчыкам Бібліі. Ён адрасаваў яе людзям “рускага языка” — у сэнсе старабеларускай мовы, а таксама праваслаўнаму насельніцтву. Выглядае так, што гэта была яго экуменічная місія, мэтай якой было паяднанне хрысціянскіх плыняў праз Божае слова», — мяркуе гісторык. Паводле Алеся Жлуткі, выдадзеная Скарынам Біблія перапісвалася і распаўсюджвалася. Зафіксаваны запазычанасці з яго перакладу, што сведчыць пра яе шырокае выкарыстанне і папулярнасць. Даследчык не губляе надзеі на тое, што праца беларускага першадрукара паслужыць натхненнем і для сучаснага перакладу Святога Пісання ў Беларусі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |