Навучэнцы і выкладчыкі семінарыі ў Пінску здзейснілі пілігрымку ў Рым |
Беларусь |
12.02.2016 09:58 |
Толькі ў цяжкасцях можна спазнаць міласэрнасць… Міласэрнасць Айца Нябеснага, міласэрнасць людскую. У гэтым на сваім уласным прыкладзе пераканалася супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, якая з 1 па 8 лютага перажывала пілігрымку да Брамаў Міласэрнасці ў Рым. Пілігрымка да гробу апостала Пятра, да галоўных базылік Касцёла, у якіх адчынены Брамы Міласэрнасці, стала добрым пачаткам надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці, які абвясціў Святы Айцец Францішак.
На шляху дапамагалі і падтрымлівалі не толькі святары і кансэкраваныя асобы, але і звычайныя людзі. Дзякуючы Божаму Провіду і Міласэрнасці, удзельнікі пілігрымкі атрымалі вялікія дары — даехалі да мэты, трапілі на няпланавую агульную аўдыенцыю да Святога Айца, наведалі ўсе галоўныя базылікі Рыма, маліліся каля алтароў св. Яна Паўла II і св. Язафата Кунцэвіча, трапілі на першую — выключную перэгрынацыю рэліквій св. Айца Піо і св. Леапольда Мандзіча, якая адбывалася ў гэтыя дні, прагуляліся па знакамітых садах Ватыкана і шчаслівыя вярнуліся на Радзіму, памаліўшыся па дарозе каля гробу св. Антонія ў Падуі.
Тым больш цяпер, калі гэты горад можна назваць сталіцаю Міласэрнасці, з яго Брамамі, да якіх можа прыйсці кожны пакутуючы грэшнік за прабачэннем кары за свае грахі. Рэкі Божай Міласэрнасці, што сплывалі з прабітага боку Збаўцы на крыжы, і цяпер б’юць крыніцамі ў Касцёле. І асаблівым чынам у Вечным горадзе. |