Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гістарычная сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі скончылася падпісаннем сумеснай дэкларацыі
Беларусь
13.02.2016 01:36

12 лютага ў Міжнародным аэрапорце імя Хасэ Марці ў кубінскай Гаване прайшла двухгадзінная сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, якая стала першай у гісторыі сустрэчай вышэйшых прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы.

Вынікам сустрэчы стала падпісанне сумеснай дэкларацыі, якая ўтрымлівае 30 параграфаў на дзесяці старонках.

Асноўная ўвага падчас сустрэчы ўдзялялася становішчу хрысціян на Блізкім Усходзе, а таксама ў іншых рэгіёнах. У прыватнасці, у 26 пункце дэкларацыі гаворка ішла пра становішча хрысціян ва Украіне.

«Мы смуткуем аб супрацьстаянні ва Украіне»

«Мы смуткуем аб супрацьстаянні ва Украіне, якое забрала ўжо шмат жыццяў і нарабіла шмат гора. Мы заклікаем усе бакі канфлікту да разважлівасці, а нашы Цэрквы заклікаем не ўдзельнічаць у канфлікце і спрыяць міру ў рэгіёне», — гаворыцца ў дэкларацыі.

У 27 пункце іерархі падкрэслілі, што вераць у тое, што раскол праваслаўных вернікаў Украіны будзе пераадолены на аснове існуючых кананічных нормаў, што ўсе праваслаўныя хрысціяне Украіны будуць жыць у міры і згодзе, а каталіцкія супольнасці краіны будуць гэтаму спрыяць, каб хрысціянскае брацтва было яшчэ больш відавочным.

Пра непаразуменні паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі

«Спадзяёмся, што наша сустрэча зробіць уклад у прымірэнне там, дзе існуюць непаразуменні паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Сёння відавочна, што метад "уніятызму" былых стагоддзяў, які прадугледжваў упарадкаванне адной супольнасці ў адзінства з іншай шляхам яе адрывання ад сваёй Царквы, не з'яўляецца шляхам да ўзнаўлення адзінства.

У той жа час, царкоўныя супольнасці, якія з'явіліся ў выніку гістарычных акалічнасцяў, маюць права існаваць і рабіць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў, імкнучыся да міру з суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і знаходжанні прымальных формаў узаемнага суіснавання»

Глядзі таксама:

«Мы не супернікі, а браты»

«Праваслаўныя і католікі аб'яднаныя не толькі агульнай Традыцыяй Царквы першага тысячагоддзя, але і місіяй пропаведзі Евангелля Хрыстовага ў сучасным свеце. Гэтая місія прадугледжвае ўзаемную павагу членаў хрысціянскіх супольнасцяў, выключае любыя формы празелітызму.

Мы не супернікі, а браты: з гэтага разумення мы павінны сыходзіць ва ўсіх нашых дзеяннях у адносінах адзін да аднаго і да знешняга свету. Заклікаем католікаў і праваслаўных ва ўсіх краінах вучыцца жыць разам у міры, любові і аднадумстве паміж сабою (Рым 15, 5)», — гаворыцца ў дэкларацыі, якую падпісалі іерархі.

Тэкст дэкларацыі цалкам (на рускай мове) ››

Паездка ў Мексіку і гістарычны прыпынак у Гаване — гэта 12-я паездка Папы Францішка ў яго Пантыфікаце і 4-ы візіт у Лацінскую Амерыку.

Ілья Лапато

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.