Завяршыўся візіт у Беларусь прадстаўнікоў міжнароднага руху «Pro-life» |
Беларусь |
15.02.2016 13:19 |
З 5 па 12 лютага Беларусь наведалі прадстаўнікі самай вялікай пралайф-арганізацыі ў свеце «Human Life International» Ёханес Бухер (Аўстрыя) і кс. Шэнан Боке (ЗША). Замежныя госці правялі ў Беларусі шэраг семінараў і сустрэч, прысвечаных абароне жыцця. Свой візіт у Беларусь замежныя пралайф-актывісты пачалі з наведвання семінара па перадабортным кансультаванні, што праходзіў у Віцебску з 5 па 7 лютага, арганізаванага беларускім фондам у абарону жыцця «Адкрытыя сэрцы». Дырэктар фонду «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч суправаджаў гасцей на гэтым і іншых семінарах у якасці перакладчыка. Госці падзяліліся з удзельнікамі семінару ўласным вопытам у сферы перадабортнага кансультавання, а таксама распавялі пра дзейнасць «Human Life International».
8 лютага адбылася малітоўная сустрэча фонда «Адкрытыя сэрцы» з удзелам кс. Шэнана Боке і Ёханеса Бухера, а 10 лютага замежныя госці наведалі Гродна, дзе прынялі ўдзел у семінары «Актуальныя праблемы аказання дапамогі цяжарным жанчынам у крызіснай сітуацыі. Айчынны і міжнародны вопыт».
Семінар праходзіў у актавай зале Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора і быў прызначаны для валанцёраў пралайф Гродзенскага цэнтра абароны жыцця і сям’і «Радзіма». У семінары ўдзельнічалі не толькі валанцёры, але і псіхолагі, псіхатэрапеўты, каталіцкае і праваслаўнае духавенства і ўсе неабыякавыя да тэмы абароны жыцця людзі. Ёханес Бухер, каардынатар для еўрапейскага рэгіёна «Human Life International», наведвае Беларусь ужо чацвёрты раз. Разам са сваімі калегамі ў Аўстрыі ён пачынаў працу ў накірунку пралайф са спецыяльнай мадэлі кс. Філіпа Рэйлі. Яе сутнасць у тым, што ў пралайф-руху 80 працэнтаў складае малітва і 20 працэнтаў — праца. «Тады нам здавалася фантастычнай такая задума — маліцца ў абартарыях кожны дзень, арганізоўваць малітоўныя маршы», — падзяліўся ўспамінамі Ёханес Бухер падчас семінара ў Гродне. За 15 гадоў працы арганізацыі ў Аўстрыі закрылася пяць прыватных клінік, перад якімі валанцёры ўвесь час маліліся, а ад абортаў было выратавана 17 тысяч дзяцей. «Мы можам зрабіць Беларусь прыкладам для ўсяго свету» Ксёндз Шэнан Боке лічыць, што для паспяховай пралайф-дзейнасці патрэбна прыцягваць розных людзей: валанцёраў, урачоў, журналістаў, а таксама адукацыйныя структуры. «Мы можам зрабіць Беларусь прыкладам для ўсяго свету», – сказаў святар. Вялікую ўвагу ксёндз Шэнан Боке надае працы з духоўнымі асобамі, асабліва з семінарыстамі і святарамі. Таму ў Беларусі замежныя госці наведалі каталіцкія семінарыі ў Гродне і Пінску, дзе выступілі перад навучэнцамі.
Напрыканцы свайго візіту замежныя госці наведалі Духоўную акадэмію і сустрэліся з валанцёрамі цэнтра «Матуля» ў Мінску. «Human Life International» — буйнейшая пралайф-арганізацыя ў свеце, створаная ў 1972 годзе кс. Полам Марксам. Мэтай арганізацыі з’яўляецца абарона жыцця чалавека ад моманту зачацця, а таксама абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, праца ў першую чаргу на ўзроўні Каталіцкага Касцёла ў тых краінах, дзе па-ранейшаму забаронены аборты (напрыклад, Філіпіны, Мальта, краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі) і не існуе аднаполых шлюбаў (напрыклад, Польшча, Беларусь). Дзякуючы падтрымцы «Human Life International» у Беларусі быў створаны дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», які даў пачатак аб’яднанню беларускіх арганізацый у рух «Пралайф Беларусь». |