Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шэфы скаўтак з Мiнска здзейснілі зімовую вандроўку па Вілейшчыне
Беларусь
15.02.2016 11:09

6-7 лютага вогнiшча шэфаў благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай з Мiнска пабывала на зiмовай вандроўцы Куранец-Вiлейка. У 7 гадзiн ранiцы каманда з чатырох дзяўчат разам з айцом Алегам Шэндам OFM Cap была напагатове i сядзела ў цягнiку. У Куранец прыехалi рана, не было яшчэ i 10 ранiцы.

Зараз Куранец — проста вёска у Вiлейскiм раёне, хоць i немалая. Аднак яна мае багатую гiсторыю. Раней гэта было мястэчка, цэнтр воласці, тут праводзіліся вялікія кірмашы. У Куранцы захавалася праваслаўная царква Нараджэння Божай Мацi 1870 г., могiлкi ўдзельнiкаў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гг. i польскiх жаўнераў, палеглых у 1919-1920 гг., а таксама яўрэйскія могілкі.

«Пры знаходжаннi у Куранцы складаецца ўражанне, што мясцовыя жыхары клапоцяцца пра парадак i чысцiню ў вёсцы, а таксама пра аднаўленне i захаванне гiстарычнай спадчыны», — пішуць удзельнікі.

«З Куранца ў Вiлейку дарога пралягала маляўнiчымi мясцiнамi. Нягледзячы на зiмовы час, было па-вясенняму цёпла i сонечна. Усе былi ў захапленнi ад таго, наколькi на Вiлейшчыне прыгожыя лясы i наогул прырода», — дзеляцца яны назіраннямі.

На Імшу i абед вандроўнікі спынiлiся каля Вiлейскага вадасховiшча. Лёд пачаў ужо таяць каля берага, аднак на сярэдзiне возера было дастаткова рыбакоў.

«Рыбакі — гэта вельмi смелыя людзi, можа, менавiта таму Езус Хрыстус выбiраў з рыбакоў апосталаў?» — задае пытанне аўтар артыкула на сайце беларускіх скаўтаў.


У Вiлейку падарожнікі прыйшлi ў прыцемках. Начавалi яны ў парафiяльным доме касцёла Узвышэння Святога Крыжа. Гэтая вялiкая i прыгожая святыня была пабудавана ў 1906-1913 гг. Архiтэктура касцёла спалучае кампазiцыйныя прынцыпы i дэкаратыўныя формы раманскага i гатычнага стыляў.

У парафiяльным доме скаўтак сустрэў пробашч касцёла кс. Аляксандр Барыла.

«Гасцiнны святар прыняў нас вельмi шчыра i ветлiва. Парафiяльнае жыццё тут не стаiць на месцы, у парафiяльным доме мы сустрэлi шмат людзей, удзельнiкаў розных супольнасцяў. Было таксама шмат моладзi i дзяцей, якiя праводзiлi там забаўляльны вечар», — распавядаюць госці.

Ранiцай, прыняўшы удзел у нядзельнай Імшы ў касцёле, яны накiравалiся ў далейшы шлях — iшлi ў бок Маладзечна дарогай праз лес. Надвор’е зноў вельмi спрыяла вандроўцы. 

У дарозе адбылася канферэнцыя айца Алега Шэнды, пасля ў лесе быў прыгатаваны абед.

«Вярталiся дадому стомленымі фiзiчна, аднак вельмi задаволенымі i адпачылымі духоўна, бо вандроўка — гэта выдатная магчымасць сустрэцца з Богам на прыродзе, задумацца над важнымi рэчамi, разважаючы над словамi святара, а таксама паслужыць адзін аднаму у дарозе», — пішуць вандроўнікі.

Catholic-scouts.by (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.