Мультымедыйная выстаўка работ мастакоў і скульптараў Адраджэння адкрылася ў Мінску |
Беларусь |
19.02.2016 12:02 |
У сталічнай культурнай прасторы «ЦЭХ» з 18 лютага па 17 красавіка праходзіць мультымедыйная выстаўка «Мікеланджэла. Стварэнне свету». На ёй можна ўбачыць лепшыя працы майстроў італьянскага Адраджэння, сярод якіх карціны, фрэскі і скульптуры біблійнай тэматыкі. «Наведвальнікі выстаўкі змогуць пазнаёміцца з творчасцю Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Джота, Бацічэлі, Тыцыяна, убачыць знакамітыя фрэскі Сікстынскай капэлы і скульптуры Мікеланджэла Буанароцці — «П’етра», «Рабы», «Давід», «Майсей» — у 3D-фармаце», — пра гэта БелаПАН на папярэднім паказе выстаўкі распавёў прадстаўнік кампаніі-арганізатара «Artplay Media» Сяргей Дзясятаў.
Работы Мікеланджэла і яго сучаснікаў у спалучэнні са спецэфектамі і музыкай Баха, Гендаля, Орфа — гэтае аўдыёвізуальнае шоў працягваецца 40 хвілін. Сяргей Дзясятаў адзначыў, што ідэя выставы ўзнікла з-за немагчымасці разгледзець роспіс столі Сікстынскай капэлы ў Ватыкане. На гэтым роспісе адлюстраваны шлях, які, згодна з Бібліяй, павінна прайсці чалавецтва — ад стварэння свету да Апошняга суду. Роспіс займае больш за 500 квадратных метраў і ўтрымлівае каля 300 фігур. У яго цэнтры знаходзяцца дзевяць сцэн са Старога Запавету.
«Нам хацелася і самім паглядзець, і людзям паказаць. У адрозненне ад карцін, фрэскі не прызначаны для ўспрымання ў буйным маштабе. Іх нязручна глядзець у капэле. Таму нам здалося, што менавіта мультымедыйны фармат будзе найбольш адпавядаць зместу прац Мікеланджэла», — адзначыў Сяргей Дзясятаў. Акрамя таго, ён лічыць, што мультымедыйны фармат больш адпавядае густам моладзі.
Па словах іншага арганізатара, Максіма Волкава, мультымедыйныя выстаўкі — гэта новы від падачы і ўспрымання мастацтва. Першым горадам, дзе адкрылася выстаўка майстроў Адраджэння, стала Масква. Пасля Мінска выстаўка пройдзе ў Бангалоры (Індыя), а потым будзе вандраваць па розных гарадах Расіі. Наступны праект, які рыхтуецца ў Мінску, будзе прысвечаны нідэрландскаму жывапісцу Іераніму Босху. Паводле Naviny.by (MV) |