Для валанцёраў і супрацоўнікаў «Карытас» прайшлі велікапосныя рэкалекцыі |
Беларусь
|
19.02.2016 15:42 |
З 16 па 18 лютага прайшлі велікапосныя рэкалекцыі для валанцёраў і супрацоўнікаў «Карытас-Беларусь».
Падобнага тыпу рэкалекцыі ў Цэнтры св. Лукі ў в. Ляскоўка праводзяцца кожны год. Сёлета іх правёў а. Арыюш Малыска OFMCap.
Валанцёры і супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» кожны раз з задавальненнем прымаюць у іх удзел, бо гэта час, калі можна абнавіцца духоўна, стаць лепшым, адпачыць ад штодзённай мітусні, час для разважанняў і ўнутраных перамен.
На працягу трох дзён удзельнікі збіраліся, каб разам маліцца і рыхтаваць свае сэрцы да свята Уваскрасення Пана. Час ад часу людзям патрэбна каштоўная парада, але ў паўсядзённым жыцці не кожны можа яе атрымаць, асабліва калі справа датычыць рэлігіі. На рэкалекцыях кожны ўдзельнік мог задаць пытанне, якое яго цікавіць, і прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Некаторыя задавалі пытанні падчас канферэнцыі, іншыя індывідуальна размаўлялі пасля яе.
Валанцёры і супрацоўнікі «Карытас-Гродна» адзначылі, што нават вольны ад канферэнцый і малітваў час быў для іх вельмі пазнавальным: усе збіраліся разам, каб папіць гарбаты, абмяркоўвалі новую інфармацыю, атрыманую на канферэнцыях, дзяліліся вопытам вядзення праектаў у дыяцэзіяльных «Карытас» і проста прыемна праводзілі час. Марыя Янкевіч, (AG)
|
Фотарэпартаж |