«Напачатку было слова». 21 лютага — Дзень роднай мовы |
Беларусь |
20.02.2016 13:03 |
Мова — галоўны сродак зносін чалавека з Богам, з іншым чалавекам, з усім светам. За кожным словам паўстае непаўторны шэраг вобразаў і асацыяцый, якія фармуюць мысленне кожнай асобы і культуру цэлых народаў. Сам Бог кажа пра сябе ў Пісанні найперш як пра Слова. З гэтага першапачатковага Слова паходзіць усё стварэнне, ад звышновых зорак да апошняй бактэрыі. І наш сусвет у гэтым кантэксце таксама можна разумець як адну з моваў, якой карыстаецца Стварыцель, каб звяртацца да сваіх дзяцей. «Падумай, чаму кляновы ліст менавіта такой формы. Няма ніякай аб'ектыўнай прычыны, чаму ён такі», — раіў адзін мудры інквізітар у добрай фантастычнай кніжцы. Ці не зроблены гэты ліст Богам такім, толькі каб радаваць нас сваёй прыгажосцю? На фота: касцёл і рэшткі кляштара кармэлітаў абутых у Засвіры. Фота Віктара Малышчыца Мастацтвазнаўцы даўно кажуць, што музыканты, скульптары, мастакі кожны маюць свой набор сродкаў данесці свае думкі да гледача і слухача — ствараючы асаблівую мову мастацтва. Тым больш гэта можна сказаць пра Твор найвялікшага Мастака, у якім жывём і мы, таксама створаныя Ім. Якое пасланне і на якой мове мы нясём у свет? Ёсць такія, якія лічаць, што было б лепш, каб усе людзі размаўлялі на адной мове. «Навошта нам гэтая беларуская? Усе ж размаўляюць на рускай», — кажуць гэтыя людзі, сярод якіх нямала і католікаў. Аднак, па-першае, зусім не ўсе размаўляюць на рускай мове, а па-другое, мы бачым, што Касцёл у Беларусі прыйшоў да іншага меркавання. З пачатку ХХ стагоддзя многія беларускія каталіцкія святары, такія, як Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Уладзіслаў Чарняўскі, пашыралі беларускую мову ў каталіцкіх парафіях нашай зямлі. А першым рымскім Пантыфікам, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў на беларускай мове, стаў святы Ян Павел ІІ. І гэта для Папы не было выпадковасцю. «Народы фіксуюць сваю гісторыю ў навуковых працах, перадаюць у разнастайных формах дакументаў, дзякуючы якім ствараюць уласную культуру. Галоўнаю прыладаю гэтага паслядоўнага стварання з’яўляецца мова. З яе дапамогаю чалавек выказвае праўду пра свет і пра сябе самога і дазваляе іншым удзельнічаць у плёнах сваіх пошукаў у розных сферах», — казаў святы Ян Павел ІІ. Пантыфік адзначыў галоўныя функцыі мовы любога народа — ствараць нацыянальную культуру, перадаваць праўду пра свет і пра сябе, а таксама дзяліцца сваімі набыткамі з іншымі. На фота: «Бабілонская вежа» Пітара Брэйгеля Старэйшага У гэтым сэнсе можна зусім па-іншаму зразумець метафарычную гісторыю Бабілонскай вежы. Тады людзі, якія ўсе мелі аднолькавую мову, праз сваю пыху сабраліся будаваць вежу да неба. Але Пан даў ім розныя мовы і праз гэта скарыў іх. Такім чынам, родная мова — гэта не толькі індывідуальнасць і нагода для гонару, але і ўрок пакоры ад Стварыцеля. Трэба ведаць і карыстацца роднай мовай не таму, што яна падаецца самай дасканалай, але таму, што толькі праз любоў да свайго, роднага, можна па-сапраўднаму зразумець і палюбіць сваіх суседзяў. Родная мова набліжае да Бога па-сапраўднаму, а не праз будаванне штучных бабілонскіх вежаў. «Быць католікам — значыць любіць Бацькаўшчыну, не саступаючы нікому ў гэтай любові. І ў той ж час — лічыць сваімі шляхетныя імкненні ўсіх народаў. Колькі слаўных учынкаў Францыі датычацца і мяне! Многае, чым ганарацца італьянцы і англічане, немцы і амерыканцы, афрыканцы і азіяты, выклікае гонар і ўва мне. Мова абумоўлівае стыль мыслення, а таму шматлікія мовы Зямлі, дадзеныя Богам, даюць магчымасць абсалютна з розных бакоў вывучаць і захапляцца Божым стварэннем. Нездарма, калі Дух Святы быў спасланы апосталам, Ён не даў ім адну ўніверсальную мову для ўсіх народаў, але цудоўным чынам даў ім магчымасць разумець розныя мовы і гаварыць на іх: «Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся шум гэты, сабралася мноства людзей, і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове. Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: "Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? Парфяне і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірынэяй, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, – мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя"» (Дз 2, 1–11) Карціна Veni Sancte Spiritus (Прыйдзі, Дух Святы) Канешне, зараз размаўляць на беларускай мове — не самая простая справа, бо большасць жыхароў Беларусі хоць і лічыць яе роднай, але не размаўляе на ёй. Аднак згадаем і іншыя словы Яна Паўла ІІ: «Не жадайце Бацькаўшчыны, якая вам нічога не каштуе». Не жадайце роднай мовы, якая вам нічога не каштуе. Бог даў яе нам, каб казаць па-беларуску пра вялікія справы Божыя. |