Ураджэнец Беларусі Уладзімір Лапацкі атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў супольнасці цыстэрцыянцаў |
Беларусь |
23.02.2016 12:37 |
20 лютага ў супольнасці цыстэрцыянцаў у польскім Енджэёве біскуп Ян Пятроўскі ўдзяліў прэзбітэрскае і дыяканскае пасвячэнні. Брат Гжэгаж Брадацкі стаў дыяканам, а дыяканы Уладзімір Лапацкі і Бруна Патэрэвіч атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне. Дзень 20 лютага быў абраны для ўдзялення пасвячэнняў не выпадкова. Субота пасля першай нядзелі Вялікага посту традыцыйна з’яўляецца днём, калі Каталіцкі Касцёл здаўна ўдзяляе прэзбітэрскае і дыяканскае пасвячэнні. На ўрачыстую святую Імшу прыбылі бацькі, родныя і сябры братоў цыстэрцыянцаў, якія прынялі ў гэты дзень пасвячэнне, а таксама шмат святароў і ўся супольнасць францішканскай духоўнай семінарыі ў Катавіцах-Панеўніках, дзе цыстэрцыянцы рыхтуюцца да святарскага служэння. Цыстэрцыянец а. Уладзімір Лапацкі паходзіць з
парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата, біскупа і
мучаніка, у Міёрах (Віцебская дыяцэзія). Цэнтральным пунктам літургіі стаў момант ускладання рук біскупам і адмысловай малітвы. З таго часу кандыдат да пасвячэння становіцца або дыяканам, галоўным заданнем якога з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова і дапамога святарам у душпастырстве, або — прэзбітэрам, для ўдзялення Эўхарыстыі, адпушчэння грахоў, абвяшчэння Божага слова і евангелізацыі вернікаў. Пасля гэтага важнага моманту тыя, хто атрымаў пасвячэнне, пачынаюць сваё служэнне: дыякан дапамагае біскупу, а новапрэзбітэры канцэлебруюць святую Імшу. |
Фотарэпартаж |