Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На Камайшчыне ўзгадалі ксяндза Казіміра Стаповіча ў 126-ю гадавіну яго нараджэння
Беларусь
24.02.2016 12:29

І ў гэтым годзе не забылі на Камайшчыне ксяндза Казіміра Стаповіча, які больш за сто гадоў таму з павагай і любоўю звяртаўся да продкаў сённяшніх камайцаў на роднай беларускай мове, вучыў іх, як трэба адносіцца да Бога, і прыкладам свайго кароткага, але яскравага жыцця паказваў, як трэба любіць бліжняга і Айчыну.

З такой жа павагай і беражлівасцю памятаюць пра ксяндза Стаповіча іх нашчадкі. Сёлета ў камайскім касцёле, не перарываючы шматгадовую традыцыю, адзначылі 126-ю гадавіну з дня нараджэння ксяндза, паэта, патрыёта.

У камайскім касцёле мерапрыемствы заўсёды праходзяць урачыста і прыгожа, якой бы падзеі ні былі прысвечаны. Не стаў выключэннем і гэты раз — свята атрымалася духоўна насычаным, яркім і запамінальным.


Касцёл неспадзявана прыемна сустрэў песняй «Калядкі» на словы Казіміра Сваяка. Музыку да гэтага верша напісала арганістка, паэтка і кампазітар Алена Даўжук. Генавефа Дубіловіч, якую адна са сталічных гасцей назвала камайскім самародкам, падрыхтавала з навучэнцамі Мулярскай школы прадстаўленне-батлейку. Спецыяльна да гэтага свята не разбіралі ёлкі, каб не парушыць чароўны біблейскі настрой, які застаўся пасля святаў Божага Нараджэння і адпавядаў тэме батлейкі.

Настрой

Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз падрыхтавалі камайцы для гасцей з Астравеччыны, радзімы Сваяка, — песню «Вёсачка Барані за лясамі…» астравецкага кампазітара Аляксандра Якіменкі на словы паэта, які таксама паходзіць з Астравеччыны, Станіслава Валодзькі.

Пасля святой Імшы слова было прадстаўлена ганаровым гасцям, якія прыехалі са сталіцы.

Мастацтвазнаўца, мастачка Святлана Манько-Радкевіч распавяла прысутным сваю гісторыю знаёмства з жыццёвым шляхам і творчасцю К. Сваяка. У 1986 годзе, калі яна была студэнткай Віленскага ўніверсітэта, Лявон Луцкевіч праводзіў вандроўкі па Вільні. Могілкі Роса ўваходзілі ў абавязковую праграму гэтых вандровак. Традыцыйна іх наведванне адбывалася на Дзяды. Існаваў нават спіс вядомых беларускіх дзеячаў — каб не прамінулі, не забылі наведаць. Сярод іх былі і браты Стаповічы. Такім чынам Святлана ўпершыню даведалася пра Казіміра Сваяка і палюбіла яго творчасць. Акрамя таго, Казімір — гэта яе любімае імя: бацька яе — Казімір, сын таксама так названы.

Паэт Міхась Скобла добра ведае і высока цэніць Казіміра Сваяка і як паэта, і як выбітную асобу. «Невыпадкова ён выбраў сабе псеўданім Сваяк, бо хацеў быць сваяком у кожнай беларускай хаціне. Кожны, хто шануе сваю Бацькаўшчыну, сваю мову, павінен чытаць і ведаць паэзію Сваяка», — лічыць паэт.

Цуды

Міхась Скобла прачытаў некалькі ўласных вершаў, а калі гучала знакамітая «Балада пра стайню», стаяла цішыня, і толькі зычны голас дэкламатара даносіў да людзей кранальныя словы.

Жыццвыя мэты Таццяны Грыневіч-Матафонавай, спявачкі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якая выступае перад слухачамі Беларусі ў бібліятэках, музеях, святынях і на прадпрыемствах, падобныя да сваякоўскіх: яна таксама праз сваю творчасць імкнецца данесці хараство беларускай мовы. Для камайцаў спявачка выканала песні «Авэ Марыя», «Малітва», «Развітанне з Радзімай», «Паланэз Агінскага», «Касцёл святой Ганны».

Па той жа непарушнай традыцыі свята працягвалася за сталом, за кубкам гарачай гарбаты. Генавефа Дубіловіч пазнаёміла сталічных гасцей з гісторыяй камайскага касцёла, з нястомнай, шматграннай і плённай дзейнасцю ксяндза Яцэка на духоўнай і гістарычнай ніве.

І зноў не абышлося без «цудаў». Як слушна заўважыў ксёндз Яцэк, калі б не праводзілася мерапрыемствы па Сваяку — зіма, восень, вясна, лета, — хоць на хвілінку, але заўсёды з’явіцца сонца. А сёлета гэты дзень быў па-сапраўднаму святочны — сонечны, чыста вясенні.

А яшчэ зацвіў амарыліс. Ксёндз Яцэк вырошчвае гэтыя кветкі, каб упрыгожваць імі гроб Пана, бо расцвітаюць яны звычайна акурат да Вялікадня. Адзін з амарылісаў, што роўненькай шарэнгай стаяць на падаконніках, раптам «выстраліў» суквеццем і літаральна напярэдадні свята ў Камаях, у пятніцу, зацвіў прыгожымі, буйнымі белымі кветкамі. Ксёндз Яцэк адразу ж назваў гэтую прыгажосць «сімвалам чысціні духоўных і жыццёвых ідэалаў ксяндза Стаповіча».

Іаланта Валуевіч, «Астравецкая праўда»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.