На свае вочы: беларусы прынялі ўдзел у мужчынскай пілігрымцы ў Пскова-Пячэрскі манастыр |
Беларусь |
26.02.2016 14:36 |
Сёння многія хрысціяне ясна разумеюць, што без актыўнага ўдзелу мужчын у жыцці Касцёла, без мужчынскага цвёрдага слова, без мужчынскага подзвігу цывілізацыя не мае будучыні.
У сучасным свеце жанчыны паступова бяруць на сябе ўсё больш мужчынскіх задач, а мужчыны ўсё часцей адыходзяць у цень, становяцца пасіўнымі. Тып мужчыны «тата на канапе» або «тата ў танках» становіцца значна больш папулярным, чым тата, які ходзіць з дзецьмі ў паходы, чытае па вечарах Біблію ці хаця б неяк удзельнічае ў жыцці сям’і. Гэта вельмі добра відаць у беларускіх касцёлах — на нядзельнай Імшы колькасць жанчын нашмат большая, чым мужчын, чаго, дарэчы, не сустракаецца ў мусульман, дзе мужчына па-ранейшаму лічыцца духоўным лідарам сям’і і грамадства. Як абудзіць хрысціянскіх мужчын? На рэкалекцыях для абаронцаў жыцця, якія прайшлі ў Оршы ў снежні 2015 года, а. Віталь Сапега OP, душпастыр сем’яў Віцебскай дыяцэзіі, прапанаваў арганізаваць зімовую мужчынскую пілігрымку з 19 па 22 лютага на востраў Валаам. Валаам зімой — гэта чыста мужчынскае месца. Кляштар, ніякага гламуру, круізных лайнераў і гэтак далей. Туды можна дабрацца або на судне на паветранай падушцы, або на лыжах 40 км па лёдзе Ладажскага возера. Адным словам — мужчынская справа. За падрыхтоўку паломніцтва ўзяліся валанцёры дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». Менавіта ідэя прайсці 40 км па лёдзе на лыжах натхніла многіх — значыць, мара аб подзвігу яшчэ па-ранейшаму цепліцца ў мужчынскіх сэрцах. Гэтая зіма атрымалася занадта цёплай і лёд на Ладажскім возеры «не ўстаў» — дабрацца да Валаама было немагчыма. У апошні момант было вырашана перанесці пілігрымку ў Пскова-Пячэрскі манастыр, большасць мужчын усё ж засталіся вернымі свайму слову і прыехалі — мужчынскія рэкалекцыі адбыліся. Як высветлілася пасля, мужчынскіх уражанняў удзельнікам хапіла і ў Пскова-Пячэрскім манастыры. Cвятар і 12 свецкіх людзей Колькасць удзельнікаў пілігрымкі было ў нечым нават сімвалічным: святар і 12 свецкіх людзей. Яны сабраліся з розных месцаў — беларускіх Віцебска, Магілёва, Мінска, Бабруйска, Полацка, нямецкага Золінгена і расійскай Самары, але аб’яднала іх адно — жаданне зразумець сябе як мужчыну.
Для многіх удзельнікаў гэтай пілігрымкі самым галоўным уражаннем быў сам факт таго, што ў мужчынскай кампаніі можа быць цікава без алкаголю, лазні або рыбалкі. На самой справе, з’яўленне на вуліцы, запраўцы, сталовай або ў манастыры кампаніі з 13 мужчын, якія ідуць у адным напрамку, робіць вялікае ўражанне, і ўдзельнікі назіралі гэты эфект усе чатыры дні пілігрымкі. Цікава, што нават вернікі пскоўскай каталіцкай парафіі пасля завяршэння святой Імшы падыходзілі да пілігрымаў з удзячнасцю за ўпрыгожванне набажэнства мужчынскім спевам. Мужчынская апора У межах разважанняў над сутнасцю мужчыны ўдзельнікі пілігрымкі выкарыстоўвалі прыклады як з Бібліі, так і з класічнай літаратуры. Айцец Віталь Сапега асабліва звяртаў увагу сабраных на тое, што адна з галоўных задач мужчыны — быць разважлівым, а значыць называць усё сваімі імёнамі, да чаго быў пакліканы і Адам, і святы Юзаф. Пілігрымы абмеркавалі многія пагрозы, якія існуюць сёння ў свеце для мужчын, падзяліліся вопытам вырашэння сямейных праблем, маючы для гэтага ўнікальную магчымасць. Іх дзяленне Божым словам часам нагадвала зацяты бой, што для многіх стала незвычайным вопытам. Цікава, што ў манастыры пілігрымы жылі ў Доме паломніка, які размяшчаецца ў будынку былой казармы, што яшчэ больш дадало байцоўскага духу — мужчыны адчулі сябе ваярамі. Не дзіўна, што лагічным завяршэннем сустрэчы была сапраўдная мужчынская гульня ў лазертаг, дзе ўдзельнікі за дзве гадзiны былі выціснуты, як цытрына, фізічна, але шчаслівыя і напоўненыя духоўна. Удзельнікі пілігрымкі вельмі натхніліся гэтай спробай сфармаваць пачатак душпастырства мужчын, бацькаў. Вырашана арганізоўваць падобныя пілігрымкі як мінімум раз у год або часцей, таму што ўсе ўсвядомілі, наколькі такія сустрэчы важныя для сучасных мужчын-аднадумцаў, якія шукаюць Бога. |
Фотарэпартаж |