28 лютага адзначаецца «Нядзеля Caritas» |
Беларусь |
28.02.2016 00:33 |
У трэцюю нядзелю Вялікага посту традыцыйна ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адзначаецца Дзень «Caritas». У гэты дзень ва ўсіх святынях нашай краіны вернікі складаюць дабравольныя ахвяраванні на ўтрыманне дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» у Беларусі і моляцца за тых, хто ўтварае гэтую арганізацыю і дапамагае ёй. Сёння шмат людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, часам кавалку хлеба, добрым слове або якіхсьці грошах. Яны не ў стане забяспечыць сабе штодзённае існаванне і аддадзены на волю іншых. Дабрачыннае таварыства «Caritas» у нашай краіне рэалізуе разнастайныя праекты, мэта якіх – аказанне дапамогі менавіта такім людзям, якія з розных прычын апынуліся на ўзбочыне жыцця: адкінутыя, нікому не патрэбныя. Асабліва ў Вялікі пост Касцёл запрашае вернікаў дзяліцца тым, што маем, практыкаваць у гэты час учынкія пакаяння, такія, як пост, малітва і міласціна. Гэтыя ўчынкі з’яўляюцца сімваламі волі навяртання ў трох найважнейшых сферах чалавечага жыцця: у дачыненні да сябе, да Бога і да бліжняга.
Міласціна – гэта форма любові да бліжняга. На жаль, гэтае слова стала сёння вельмі «нямодным», звязваецца з залежнасцю ад іншых людзей, нядобрай літасцю і нават пагардай. Святое Пісанне шмат разоў узгадвае пра абавязак даваць міласціну, а нагодай да міласіны павінна быць любоў да Бога і бліжняга. Нам варта прыняць сабе глыбока ў сэрцы словы Езуса: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 41). Менавіта гэтая сувязь міласціны з любоўю ўчыняе тое, што яна больш каштоўная за золата, ачышчае ад грахоў, узбагачае не толькі таго, які штосьці атрымлівае, але і таго, які дае. Пры даванні міласціны важна не толькі тое, колькі мы даём іншаму чалавеку ў вымярэнні чыста матэрыяльным, але і тое, ці з’яўляецца гэта бескарыслівым, сапраўдным дарам сэрца. Таму заахвочваем падтрымаць у трэцюю нядзелю Вялікага посту нашымі малітвамі дабрачыннае каталіцкае таварыства «Caritas» у нашай краіне, падзяліцца тым, што маем, і няхай наш дар будзе паходзіць з глыбіні сэрца, будзе дарам любові. |