Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускае званарства можа стаць нематэрыяльнай спадчынай
Беларусь
03.03.2016 14:32

Аўтар кнігі «Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции», якую спецыялісты прызнаюць адной з першых грунтоўных манаграфій у Беларусі па кампаналогіі — навуцы аб званах — Алена Шацько правяла ў экспедыцыях амаль 15 (!) гадоў.

Сёння мастацтвазнаўца разам з Беларускім саюзам музычных дзеячаў ініцыюе ўнясенне традыцыйнага званарства ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, а потым і ЮНЕСКА.

Нашы званы — унікальныя, і іх захавалі вернікі

— У храмах Беларусі, нават самых маленькіх вёсачках, захаваліся ўнікальныя званы. Але дакладнае месца іх размяшчэння называць не буду: былі выпадкі, калі пасля публікацый у прэсе каштоўныя прадметы — гэта было з абразамі — знікалі з храмаў.

У нас адметныя і самі мелодыі звонаў. Мы маем тое, чаго няма на ўсёй постсавецкай прасторы. Па матэрыялах экспедыцый я выявіла, што ў 19 храмах Беларусі захаваўся канон царкоўнага звону. Проста цуд!

На фота: Алена Шацько падчас экспедыцыі

У маёй новай кнізе прадстаўлены звесткі пра многія ўнікальныя гістарычныя званы XVІІ–XІX cт. Некаторыя з іх павінны знаходзіцца ў музеях — настолькі вялікая іх культурная каштоўнасць.

Ёсць у выданні і факты, што могуць стаць сенсацыйнымі. Так, напрыклад, тут змешчана выява фрагмента звона з надпісам ХІІ стагоддзя. Ён быў знойдзены на Замкавай гары ў Гродне. Раней жа лічылася, што надпісы на званах сталі рабіць з XІV стагоддзя.

Дарэчы, такія званы на беларускіх землях з'явіліся на стагоддзе раней, чым у Расіі, а з-за таго, што гучалі надзвычай гучна і прыгожа, іх называлі «цымбаламі».

Каталіцкія ці праваслаўныя і адкуль да нас прыйшлі

— Сярод навукоўцаў няма згоды наконт афіцыйнага дазволу Папы Сабініяна (604–606 гг.) на выкарыстанне званоў у набажэнствах. Няма і адзінай версіі пра тое, што святы біскуп Нолы (Італія) Понцій Мітрапілій Паўліній (каля 353–431 гг.) мае дачыненне да іх з'яўлення. Вядомы амерыканскі даследчык XX ст. Эдвард Уільямс, аўтар кнігі «Званы Расіі: гісторыя і тэхналогія» шмат гадоў працаваў у архівах і не знайшоў гэтаму пісьмовых доказаў. Значыць, можна меркаваць, што ў той час званы яшчэ не выкарыстоўваліся.

На землі тагачаснай Белай Русі праваслаўнае набажэнства, спевы прыйшлі з Візантыі, а звон — з Захаду, але не адразу. Спачатку выкарыстоўваліся білы, кляпалы. Зразумела, звон быў вялікай каштоўнасцю. Таму, калі ворагі захоплівалі мясцовасць, то першае і галоўнае, што рабілі — здымалі звон, голас.

І па форме, і па гучанні званы ў касцёлах і цэрквах сёння крыху адрозніваюцца, а ў XVІ–XІX ст. адлівалі іх адны і тыя ж майстры. Яшчэ больш усё змяшалася з пачаткам Першай сусветнай вайны, калі званы пачалі вывозіць ці закопваць у зямлю — так рабілі католікі, пратэстанты і праваслаўныя — каб захаваць.

На жаль, сёння ў касцёлах часта выкарыстоўваюць сістэму «Электронны званар», у праваслаўных храмах тэндэнцыя замяняць чалавека электронікай таксама назіраецца. І гэта не ідзе на карысць: сістэмы каштуюць дорага, патрабуюць абслугоўвання, а традыцыя званарства знікае.

Некаторыя святары пачынаюць разумець памылку і шукаюць сапраўднага званара.

Майстэрства як спадчына

— У маленькіх гарадах і вёсках цягам доўгіх гадоў гучыць адзін і той жа матыў, мелодыя, а майстэрства званіць перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сучасныя гарадскія званары і джазам, і рокам раней захапляліся, і маюць музычную адукацыю, таму імкнуцца пазваніць хутчэй, грамчэй, каб больш людзей пачула і прыйшло на службу.

Звоны вельмі простыя, павольныя, у іх няма рытмічнай шматстайнасці, хуткага тэмпу, пераліваў. Вось чаму падчас экспедыцый нельга спрабаваць уразіць мясцовых званароў сваім майстэрствам, паказваць, як умееш. Для іх тэхнічныя трукі, складаныя камбінацыі чужыя, а значыць — непрымальныя і непрыгожыя.

На жаль, у беларускіх духоўных семінарыях пакуль не выкладаюць кампаналогію: не вучаць, як званіць, не знаёмяць з традыцыяй званарства. А яна захавалася толькі ў нас!

У нас не вучаць, як даглядаць самі званы, як правільна павесіць новыя. Пасля таго, як я пабывала ў храмах і гутарыла з настаяцелямі, у некаторых цэрквах сталі з’яўляцца пастаменты са званамі. Хай яны ўжо і не гучаць са званіцы, бо маюць пашкоджанні, але зберагаюцца як вялікая каштоўнасць, помнік культуры XVІІ–XX стагоддзяў, святыня.

Прайшло каля 25 гадоў з таго моманту, як званы загучалі адкрыта паўсюль, дзе яны захаваліся. Між тым значная іх частка, цудам перажыўшы войны і ліхалецце, была перабіта. Чаму? З-за няведання элементарных правіл абыходжання. Гэта здаралася там, дзе не было званара.

Многія дзяржавы маюць музеі званоў, але, на жаль, у нашай краіне такога музея пакуль няма. Клопат аб захаванні ўнікальных помнікаў духоўнай спадчыны народа — гістарычных званоў — павінен стаць паказчыкам узроўню развіцця нашай грамадзянскай супольнасці.

Пададзена ў скарачэнні,
тэкст цалкам на сайце газеты «Звязда»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.