Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Па вобразу і падабенству роўныя
Беларусь
08.03.2016 06:06

Яе імя Прыгажосць, яе імя Дабрыня, яе імя Лагода, Справядлівасць, Надзея, Любоў.

У жанчыны можа быць адно імя, часамі два — бо другое дадзена пры хросце ці пры сакрамэнце канфірмацыі, а можа, новае імя, атрыманае ў манастве. А таксама яго дапаўняе безліч імён, якія складаюць поўны вобраз. Вобраз жанчыны, створанай па вобразу Божаму.

Што яднае ўсіх жанчын, якім выпала прайсці шлях зямнога жыцця і якія яшчэ знаходзяцца ў дарозе — жанчын ХХІ стагоддзя?

Дантэ Габрыэль Расецці, «Выхаванне Марыі», фрагмент

Тых, што ў тлуме мегаполісаў стараюцца паспець узабрацца на вышыні кар’ерных лесвіц. Тых, што ратуюць хворых у шпіталях, тых, якія штораніцы выхоўваюць сваіх і чужых дзяцей. Тых, што перамагаюць у выбарах, становячыся вядомымі «жалезнымі ледзі», абаяльных далікатных і вытанчаных мадэлек, альбо каларытных афрыканак з плямён, якія яшчэ не ведаюць, што такое спяшацца на працу і завіваць валасы ў сіметрычныя ці несіметрычныя локаны.

Што яднае тых, якіх ставяць у прыклад вучаніцам гімназій, і тых, што, учыніўшы жудасныя памылкі ў сваім жыцці, глядзяць на клеткавыя аблокі ці ў празрысты бульён у алюмініевай талерцы?

Што яднае тых жанчын, якія чакаюць дзіця, гуляючы па парку ў пасляабедзенны час, з тымі, што перабягаюць з акопа ў акоп, ці знаходзяцца ў вязніцы, чакаючы жорсткага прысуду за тое, што выконвалі свой грамадзянскі абавязак на вайне?

Што яднае тых жанчын, якія спакойна гатуюць абед у традыцыях сваёй нацыянальнай кухні, каб пачаставаць усю сям’ю і гасцей, з тымі, хто працягвае пасівералую руку ў пераходах у метро, просячы кавалак хлеба ў мінакоў?

Што яднае, альбо Хто, па Чыйму вобразу і падабенству яны створаны менавіта жанчынамі, з аднолькавым сэрцам, якое прагне быць напоўнена прыгажосцю і служэннем?

Створцам створаная і ў свет пасланая,
каб быць дачкою, сястрою, сяброўкаю,
цёткай, жонкай, свякроўкаю,
маці, бабуляй, сустрэчнаю,
з лагодай заўсёднай, вечнаю.

Андрусь Такінданг

Хуткаплынная і імклівая,
А часамі ў пакоры шчаслівая.
Надзейная, Богу верная
У слове, ва ўчынку, хай церная
Карона часамі бывае,
Ды ружамі шлях засцілае
Таму Бог урэшце – бо дзячыць,
Калі Ён сумленнае бачыць.

І свет не загіне, не знікне,
Пакуль яна будзе ў малітве…

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.