У інтэрнэце прадаецца архіў невядомага беларускага каталіцкага святара |
Беларусь |
10.03.2016 13:53 |
Уладальнік архіва піша, што прадае больш за 60 аркушаў перапіскі «каталіцкага святара», не пазначаючы імя аўтара. Аднак на многіх дакументах бачны подпіс — «Баляслаў Заяц». Некалькі дзясяткаў лістоў з друкаванымі і рукапіснымі дакументамі з подпісам айца Баляслава Зайца МІС 1940-1950-х гадоў выстаўлены на продаж на сайце аднаго з беларускіх інтэрнэт-аўкцыёнаў. Айцец Баляслаў Заяц (польск. — Заёнц) нарадзіўся ў Польшчы 5 кастрычніка 1913 года і атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1942 годзе. Калі пасля савецка-нямецкай вайны камуністычныя ўлады пачалі масавыя арышты святароў, хаваўся ў Браславе, пазней на тэрыторыі парафій Слабодка і Плюсы, пэўны час на літоўскім баку перадваеннай мяжы на Дзвіне. «Хаваючыся, святар адпраўляў святыя Імшы, а імшальныя стыпендыі аддаваў сёстрам эўхарысткам і людзям, якія яго хавалі. Ён выйшаў з укрыцця 27 ліпеня 1953 года і быў арыштаваны на кароткі тэрмін. У час, калі святар знаходзіўся на нелегальным становішчы, улады забралі ў вернікаў касцёл, аднак затым пасля іх просьбаў святыня была вернута», — распавядае гісторык, кандыдат гістарычных навук Кацярына Лаўрыненка. Перажыўшы пэўныя цяжкасці пасля знаходжання на нелегальным становішчы, а. Баляслаў Заяц зноў атрымаў дазвол на служэнне ў вёсцы Ідолта Мёрскага раёна Віцебскай вобласці, дзе пражыў да канца свайго жыцця. Святар памёр 10 красавіка 1984 года і быў пахаваны на могілках у Мілашове. Таксама ў архіве знаходзіцца напісаны ці перапісаны ад рукі верш на рускай мове «Дзям'ян, ці як людзі сталі верыць у Бога» з пазначэннем даты — 3 мая 1955 года. Магчыма, хтосьці з беларускіх духоўных асобаў у Касцёле ці свецкіх вернікаў зацікавіцца калекцыяй, якая магла б стаць першым экспанатам музея Касцёла ў Беларусі? Аляксандр Гелагаеў паводле ay.bу |