Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Салезіянская сям’я ў Беларусі распрацавала накірункі дзейнасці на наступныя тры гады
Беларусь
12.03.2016 20:59

План працы і асноўныя накірункі дзейнасці Салезіянскай сям’і ў Беларусі на наступныя тры гады былі распрацаваны на сустрэчы прадстаўнікоў усіх яе галін 8 сакавіка ў Смаргоні.

Такая сустрэча была першым крокам на шляху стварэння Рады салезіянскіх араторыяў Беларусі, якую было вырашана заснаваць у ходзе візітацыі Рэгіянальнага настаяцеля.

Адказваў за правядзенне сустрэчы адказны за салезіянскае душпастырства моладзі і пакліканняў у Беларусі кс. Іван Огар SDB.

Святары, сёстры, салезіяне супрацоўнікі і кандыдаты, аніматары і былыя салезіянскія выхаванцы — усяго 14 чалавек, якія прадстаўлялі ўсе араторыі Беларусі, абмеркавалі прапанаваны святарамі план, удзельнічалі ў яго дапрацоўцы і ўдакладненні пэўных пытанняў у справе выхавання моладзі і рэалізацыі салезіянскай харызмы ў цэлым па краіне і на месцах.

Распрацаваны дакумент пазней будзе зацверджаны на ўзроўні дэлегатуры і стане абавязковым для выканання на месцах. Звычайна падобнае планаванне праводзілі святары, у такім шырокім складзе гэта праца выконвалася ўпершыню.



Між іншым, на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўніфікацыі сістэмы падрыхтоўкі памочнікаў аніматараў у кожным араторыі — першы этап фармацыі, які рыхтуе будучых аніматараў. Вырашана стварыць дапаможнік па фармацыі, вызначаны адказныя асобы. Таксама ўдзельнікі падкрэслілі важнасць гарманічнага супрацоўніцтва ўсіх галін Салезіянскай сям’і ў рэалізацыі запланаванай праграмы развіцця. Разважалі аб спосабах правядзення сустрэч моладзі, акцэнтавалася ўвага на фарміраванне хрысціянскай свядомасці і адказнасці членаў Салезіянскай сям’і і моладзі, да якой яна паклікана.

Важным стала пытанне рэалізацыі салезіянскай харызмы, а значыць прэвентыўнага погляду на выхаванне моладзі, на узроўні дыяцэзіяльных і міждыяцэзіяльных мерапрыемстваў і сустрэч моладзі.

Наступная сустрэча Рады араторыяў, склад якой будзе яшчэ ўдакладнены, запланавана на жнівень бягучага года. На ёй члены гэтай новай структуры больш падрабязна застановяцца над планаваннем наступнага 2016/2017 навучальнага і пастаральнага года.

Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.