Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Праваслаўныя святары прачыталі і праспявалі «Магутны Божа», каб выйграць кнігі для бібліятэкі
Беларусь
17.03.2016 15:03

Святары з Гродна запісалі прыгожае і мілагучнае відэа для конкурса, прызам у якім былі 30 кніг класікі на беларускай мове.

Конкурс да Дня роднай мовы абвясціў партал TUT.BY, а кнігі прадставіла выдавецтва «Папуры».

Гродзенскія святары падумалі, што будзе выдатна мець кнігі ў парафіяльнай бібліятэцы, каб праваслаўныя вернікі маглі іх чытаць. Яны зрабiлi сваё вiдэа i ў заяўцы паабяцалі ў выпадку перамогi перадаць прыз бібліятэцы кафедральнага сабора.

«Верш, можна сказаць, не выбіралі. "Магутны Божа" Наталлі Арсенневай у нас ведае на памяць кожны клірык. Асабліва тыя, хто спявае ў хоры. Да верша Равенскi напісаў музыку, твор уваходзіць у рэпертуар хору. Ім ужо не першы год адкрываюць фестываль "Каложскі благавест". Нам здалося, што ў нашых вуснах найбольш арганічна будзе глядзецца менавіта верш-малітва», — распавёў дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч.

Верш «Магутны Божа», напісаны паэткай і дзяячкай беларускага нацыянальнага руху Наталляй Арсенневай у 1943 годзе, стаў духоўным гімнам Беларусі.

«З месцам святары таксама вызначыліся хутка. Дзе ж яшчэ маліцца i чытаць пра Беларусь, як не ля Каложы — найстаражытнейшага храма нашай Радзімы», — кажа дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч.


Дзмiтрыю Паўлюкевічу дапамаглі сваімі галасамі дыякан Аляксандр Калацкi, святар Віктар Калацкі і панамар Антось Федасееў. Здымаў ролік рэжысёр Аляксандр Ганец, заснавальнік гродзенскай кінастудыі «Акропаліс».

«Гэта толькі пачатак цыклу экранізаваных вершаванняў. Мы не вагаючыся ўзяліся за такі праект. Ёсць задума з дапамогай сімбіёзу двух мастацтваў, літаратуры і кіно, разварушыць сучаснага разбэшчанага гледача і выклікаць у ім эмоцыю замілавання ад ўбачанага. Выклікаць пачуццё гонару за тое, што жыхары нашай краіны маюць неўміручы скарб у выглядзе роднай літаратуры. Толькі пры такой умове атрымаецца папулярызаваць беларускую мову і літаратуру, а таксама зацікавіць жыхара Беларусі любіць сваю краіну», — падзяліўся думкамі Аляксандр Ганец.


У сакавіку TUT.BY абвесціць пераможцаў конкурса.

T-styl.info (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.