Кнігу «Хронікі Нарніі» выдадуць па-беларуску |
Беларусь |
18.03.2016 09:00 |
Знакамітыя «Хронікі Нарніі» хрысціянскага пісьменніка Клайва Льюіса плануюць выдаць па-беларуску. Для гэтага арганізатары шукаюць падтрымку ўсіх зацікаўленых. Арганізатары праекта ўжо падрыхтавалі выданне першай кнігі і сёння збіраюць грошы праз краўдфандынгавую пляцоўку talaka.by непасрэдна на сам друк.
Пераклад на беларускую мову першай з кніг легендарнага фэнтэзі — «Пляменнік чараўніка» — быў зроблены Надзеяй Кім. Вокладку ствараў адзін з лепшых беларускіх ілюстратараў — Раман Сустаў.
Для ілюстравання самой кнігі выкарыстаны арыгінальныя малюнкі, зробленыя на замову Клайва Льюіса вядомай мастачкай Паўлінай Бэйнс.
Арганізатары праекта «Хронікі Нарніі па-беларуску» Аляксей Шэін і Андрэй Кім зладзілі прэзентацыю кнігі ў галерэі «Ў». На мерапрыемстве прысутнічала новы пасол Каралеўства Вялікабрытаніі Фіёна Гібс, якая адзначыла высокую каштоўнасць кнігі і важнасць стварэння падобных перакладаў.
«Хронікі Нарніі» — залатая класіка літаратуры. Клайв Льюіс разам з Джонам Толкінам (трылогія «Уладар пярсцёнкаў») лічацца заснавальнікамі і найлепшымі прадстаўнікамі жанра фэнтэзі. Серыя кніг пра Нарнію карыстаецца вялікай папулярнасцю ва ўсім свеце. Да 2006 года было прададзена больш за 100 мільёнаў асобнікаў. І вось чарговай мовай, на якой выходзіць гэтая гісторыя, становіцца беларуская. Кнігу плануецца выдаць накладам у дзве тысячы экземпляраў. Частку наклада плануецца прэзентаваць беларускім школам. Акрамя таго, да выдання «Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка» будзе дададзены выпуск аднайменнай аўдыёкнігі ў агучцы лепшых беларускіх акцёраў. Цяпер арганізатары просяць падтрымаць гэты праект фінансава. У залежнасці ад сумы, ахвяраванай на выданне, ахвярадаўцы атрымаюць падарункі, у тым ліку — саму кнігу па кошце, ніжэйшым, чым будзе ў крамах.
Падтрымаць выданне «Хронік Нарніі» можна тут: talaka.by Аформіць перадзамову: на сайце narnia.by. Дадатковая інфармацыя ў арганізатараў выдання: Аляксей Шэін +375 29 651 2665+375 29 651 2665
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Фотаздымкі Паўла Хадзінскага і Дар'і Смольскай, (AYU) |