Сучасны іканапіс як заклік да захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў прадставілі ў галерэі «Універсітэт культуры» |
Беларусь |
21.03.2016 14:37 |
Выява Бога, святых, біблейскіх сюжэтаў з’яўляецца неабходным элементам рэлігійнага культу. Адна з формаў праявы боскай ісціны — стварэнне святых малюнкаў, прызначаных быць пасярэднікам паміж Божым і зямным светам. Такое адлюстраванне знайшло месца ў «навіцкіх іконах» у выставе пад назвай «Прыпавесці». Гэта міжнародны праект, які прадставіў паказ сучаснага іканапісу з пленэру ў Навіцы (Польшча). Мастакі з розных традыцый і школ спрабавалі расказаць біблейскія тэксты канонаў з дапамогай мастацкіх сродкаў, блізкіх сучаснаму чалавеку. Пачынаючы з 2009 года, Таварыства сяброў Навіцы (Малапольскае ваяводства) разам з кафедрай сакральнага мастацтва Львоўскай акадэміі выяўленчага мастацтва арганізоўвае ў Навіцы ў цэнтры Братэрства грэка-каталіцкай моладзі Сарэпта пленэры для мастакоў, якія абапіраюцца на традыцыі царкоўнага мастацтва.
«Гэта не толькі сустрэча мастакоў за працай, але перш за ўсё нагода ўзяць удзел у супольнасці хрысціян, якія належаць да розных веравызнанняў і абрадаў, якія разам перажываюць і сузіраюць Слова Божае», — лічыць куратар выставы Матэуш Сора. У першыя гады навіцкія пленэры былі своеасаблівым эксперыментам, што заключаўся ў стварэнні прасторы для сустрэчы творцаў з розных канфесій, якіх аб’ядноўвае захапленне іконай як жывым вобразам.
Падчас стварэння сваіх прац мастакі мелі шанс засяродзіць сваю ўвагу на тым, што сапраўды важна для чалавека ў гэтым свеце. Гэтаму спрыялі разважанні над Святым Пісаннем, размовы, штодзённыя малітвы.
Наведаць выставу сучасных ікон можна да 10 красавіка па адрасе: г. Мінск, Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі), мастацкая галерэя «Універсітэт культуры», аўторак-субота з 11.00 да 19.00. Уваход вольны. Віктар Ведзень, (AG) |
Фотарэпартаж |