Беатыфікацыйны працэс Эдварда Вайніловіча пачнецца ў Мінску 10 красавіка |
Беларусь |
22.03.2016 11:22 |
10 красавіка пачнецца беатыфікацыйны працэс фундатара мінскага касцёла свв. Сымона і Алены ў Мінску, палітычнага дзеяча Беларусі і Расійскай імперыі Эдварда Вайніловіча. Пра гэта стала вядома на прэс-канферэнцыі, якую 22 сакавіка ў Мітрапалітальнай курыі правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Паводле слоў іерарха, беатыфікацыйны працэс Эдварда Вайніловіча адкрыецца святой Імшой ў мінскім Чырвоным касцёле і канферэнцыяй, на якой будзе зачытаны Дэкрэт прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэло Амато. Эдвард Вайніловіч шмат займаўся дабрачыннасцю, быў фундатарам не толькі касцёлаў, але і праваслаўных цэркваў. Яшчэ сто гадоў таму ён зразумеў, што трэба развіваць міжрэлігійны і міжхрысціянскі дыялог. Ён глядзеў далёка наперад, бо Другі Ватыканскі Сабор пазней шмат выказаўся ў справе міжхрысціянскага і міжрэлілійнага дыялогу, а Эдвард Вайніловіч рабіў гэта ўжо ў пачатку стагоддзя. Як адзначыў Мітарапаліт, 10 красавіка Эдвард Вайніловіч ужо афіцыйна будзе называцца Слугой Божым. «У нас ёсць ужо ўсе дакументы з Ватыкана. Ужо два гады ходзім па кабінетах Ватыкана, каб атрымаць дазвол. Гэты дазвол сёння атрыманы, і працэс пачынаецца. Працэс вельмі складаны, і звычайна такія працэсы трываюць вельмі доўга, таму не ведаю, калі гэта завершыцца. Але гэта вельмі важная падзея для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі», — сказаў арцыпастыр. Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што людзей, якія паходзілі б з Беларусі і былі абвешчаны святымі і благаслаўлёнымі, не так і шмат, «таму гэтая падзея з'яўляецца гістарычнай для Мінска»: «Гэта першы працэс, які пачынаецца ў Беларусі. Згодна з правіламі, такога роду працэсы павінны весціся там, дзе чалавек памёр. Эдвард Вайніловіч памёр у польскім Быдгошчы. Дазвол ад мясцовага біскупа мы атрымалі. Таму камісія будзе працаваць у Беларусі». Іерарх прадставіў таксама падрыхтаваную да беатыфікацыйнага працэсу малітву ў інтэнцыі беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. У 2006 годзе з дазволу касцёльных уладаў, Міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Польшчы парэшткі Эдварда Вайніловіча былі прывезены з Быдгошча ў Мінск. 11 чэрвеня 2006 года адбылося іх урачыстае перазахаванне ў касцёле свв. Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Ілья Лапато |