Прэзідэнт Беларусі павіншаваў хрысціян, якія святкуюць Вялікдзень 27 сакавіка |
Беларусь
|
26.03.2016 12:49 |
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў хрысціян Беларусі, якія святкуюць Вялікдзень 27 сакавіка 2016 года. «Дарагія суайчыннікі!
Віншую вас з Вялікаднем.
Вясенняе абуджэнне прыроды нагадвае нам аб вялiкай падзеi для кожнага хрысціяніна – ва ўсе часы Уваскрэсенне Хрыстова з'яўляецца сімвалам надзеі і веры», – адзначае Прэзідэнт.
«Велікодныя дні напоўнены ўрачыстасцю і святлом хрысціянскай любові. Вялікае свята зноў заклікае задумацца над сэнсам жыцця, усвядоміць высокае прызначэнне чалавека. Гэта час шчырай малітвы, добрых учынкаў і міласэрных спраў», – гаворыцца ў віншаванні кіраўніка дзяржавы.
«Няхай радасць Уваскрэсення спадарожнічае кожнаму верніку ў справе духоўнага ўдасканалення, садзейнічае творчым здабыткам, усебакова абнаўляе наша жыццё ў імя высокіх ідэалаў.
Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, цеплыні сямейнага ачага, міру і згоды, поспехаў у працоўнай дзейнасці», – дадае Аляксандр Лукашэнка.
Паводле Афіцыйнага інтэрнэт-партала Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
(AG)
|