З Вялікаднем ад Белпошты: велікодныя матывы на паштоўках і канвертах |
Беларусь
|
29.03.2016 16:46 |
Калекцыі паштовак, якія РУП «Белпошта» распрацоўвае да галоўнага хрысціянскага свята Вялікадня, ужо сталі традыцыяй. Сёлета акрамя паштовак у абыходак былі пушчаны і маркіраваныя канверты на велікодную тэматыку.
Матывы ўваскрасення Хрыста і звязаныя з Вялікаднём атрыбуты: кулічы, велікодныя яйкі, галінкі вярбы — можна пабачыць на паштоўках і маркіраваных канвертах «Белпошты». Распрацоўкай сюжэтаў займаліся дызайнеры выдавецкага цэнтра «Марка» РУП «Белпошта», ТАА «Мой лёс» і мастак Тамара Стасевіч.
Тэматыка хрысціянства не ўпершыню знаходзіць сваё ўвасабленне на прадукцыі РУП «Белпошта».
«У 2013 годзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпусціла ў абыходак паштовы блок “400-годдзе прыбыцця цудоўнага абраза Божай Мацi ў Будслаў”, у 2014 годзе — паштоўку з арыгінальнай маркай “Казімір Свёнтэк. 100 гадоў з дня нараджэння”», — распавялі Catholic.by у Белпошце.
Як патлумачылі ў «Белпошце», паштовая прадукцыя да Божага Нараджэння і Вялікадня друкуецца перад святамі ў дастатковай для задавальнення попыту колькасці, каб католікі маглі загадзя набыць віншавальную прадукцыю і павіншаваць ёю сваіх блізкіх.
(IL)
|