Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прыціхла рака і замоўкла – памёр Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч
Беларусь
30.03.2016 00:35

84 гады жыцця засталіся там – на іншым узбярэжжы, якое роднае і блізкае нам, але ўжо чужое яму, бо яго вітае іншы прастор – нябесны. 29 сакавіка Ніл Сымонавіч пайшоў услед за сваймі аднадумцамі і сябрамі, даганяючы Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна...

Як паведамілі для партала tut.by, памёр апошні Народны паэт Беларусі каля 19.00. Пахаваюць цела 1 красавіка на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

Перад пахаваннем адбудзецца развітанне з Народным паэтам Беларусі, якое пройдзе ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы (вул. Ракаўская, 4) з 11.00 да 13.00. У 13.00 распачнецца пахавальная царкоўная служба.

Даведка: Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мiнскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Першыя гады пасля вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 г. скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля — аспірантуру пры ім. З 1960 па 1986 г. — супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага ўніверсітэта. З 1958 да 1963 г. працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда». З 1980 да 1989 г. — першы сакратар праўлення СП БССР. З 1989 г. — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 г. — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990). У 1990 г. выбраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Кандыдат філалагічных навук. Прафесар. Сябра СП СССР з 1954 г. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францішка Скарыны і інш., балгарскім ордэнам Кірыла і Мятода I ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай.

Упершыню ў друку з вершамі выступіў у 1946 г. Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983).

Працаваў у галіне перакладу. У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П. Вежынава «Сляды застаюцца» (1960), раман С. Даскалова «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А. Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі Н. Вапцарава «Песня пра чалавека» (1982), Хр. Радзеўскага «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г. Джагарава «Зямля — як чалавечая далонь» (1984), Л. Леўчава «Мелодыя для флейты» (1990). Пераклаў многія творы Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава, Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава, Д. Методзіева, А. Стаянава і інш. У 1978 г. выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі XIX-XX ст. «Маці мая, Славенія». У 1970 г. — казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх», у 1980 г. — зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах», у 1985 г. — кніга лірыкі О. Жупанчыча «У вечным дазоры». Перакладаў таксама з рускай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.

Паводле матэрыялаў Саюза беларускіх пісьменнікаў, (AYU)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.