30 сакавіка святкуе юбілей Крыстына Лялько — маці «Ave Maria» і руплівая апякунка Беларусі хрысціянскай |
Беларусь |
30.03.2016 07:24 |
30 сакавіка, у час, калі абуджаецца і адраджаецца ўсё навокал у прыродзе, нарадзілася яна — Крыстына Лялько, каб сваім жыццём і працаю таксама абуджаць і адраджаць сваю Радзіму, беларусаў, захоўваць скарбы мінулага і несці надзею для новых пакаленняў. У 2016 годзе пісьменніцы, паэтцы і перакладчыцы спаўняецца 60 гадоў, з якіх 22 гады яна прысвяціла і працягвае прысвячаць часопісу «Ave Maria». 21 год Крыстына Лялько з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса «Наша вера», гуртуючы вакол яго лепшых журналістаў і навукоўцаў, якіх хвалюе захаванне духоўных спажыткаў беларускага народа. Яе рэдактарскае жыццё дапаўняецца творчым, у тым ліку актыўнай перакладчыцкай дзейнасцю. Ёй належаць пераклады многіх кніг, энцыклік і апостальскіх лістоў святога Яна Паўла ІІ на беларускую мову («Пераступіць парог надзеі», «Дар і таямніца», «Fides et ratio», «Устаньце, хадзем», «Памяць і самасвядомасць» і інш.), вершаў кс. Яна Твардоўскага, кс. Вацлава Бурылы, кс. Яна Соханя і іншых хрысціянскіх паэтаў.
Крыстына Аляксеўна з Папам Янам Паўлам ІІ у 1995 годзе Крыстына Лялько дала магчымасць для ўсіх беларусаў знаёміцца на роднай мове з помнікам містычнай літаратуры мінулага стагоддзя — «Дзённікам» св. Фаўстыны Кавальскай, які якраз у год яе юбілею чытае ўся Беларусь, перажываючы Юбілейны Год Божай Міласэрнасці. Ці не праяўляецца ў гэтым новая містыка і таямніца Божага Провіду? Каб для нас адкрылася яшчэ больш постаць Крыстыны Лялько як перакладчыцы, рэдакцыя catholic.by задала некалькі пытанняў юбілярцы, якую шчыра віншуе і якой складае шчырую падзяку за талент, які яна выкарыстоўвае на хвалу Божую і служэнне свайму народу. «Адкрыць глыбіні Божай Міласэрнасці» — Крыстына Аляксееўна, з чаго пачынаўся Ваш перакладчыцкі досвед? Гэта была рэлігійная тэматыка? — Мой перакладчыцкі досвед пачынаўся з гістарычнага нарыса «Мінск» Уладзіслава Сыракомлі. Да яго перакладу мяне падахвоціў вядомы пісьменнік і перакладчык, галоўны рэдактар выдавецтва «Кнігазбор» Кастусь Аляксеевіч Цвірка, за што я яму да гэтага часу ўдзячна. Калі ўлічыць, што Уладзіслаў Сыракомля ў сваім нарысе падрабязна апісвае не толькі гісторыю і геаграфію старажытнага Мінска, але і ўсе тагачасныя святыні — касцёлы, кляштары, капліцы, зборы і цэрквы ўключна з іх інтэр’ерамі, абразамі, фрэскамі і роспісамі, то можна сказаць, што ў пэўнай ступені гэтая мая першая перакладчыцкая праца мела дачыненне да рэлігійнай тэматыкі. Асабіста для мяне яна была вельмі важная, бо дала ўяўленне пра Мінск як пра каталіцкі, еўрапейскі горад, якім ён быў амаль да паловы ХІХ стагоддзя, пакуль не былі пазачыняныя або адабраныя, а пазней проста знішчаныя многія нашы святыні. Дзякуючы Уладзіславу Сыракомлю мы, прынамсі, ведаем, дзе яны знаходзіліся і як выглядалі… Ведаць гістарычную праўду вельмі важна, бо гэта дапамагае не толькі ганарыцца сваёю мінуўшчынаю, але й правільна ўспрымаць сённяшнія падзеі і мець надзею на будучыню…
Горад Мінск часоў Уладзіслава Сыракомлі — Вас можна назваць «перакладчыцай сучаснага святога», бо на Вашым «перакладчыцкім рахунку» і адгартацыі, і кнігі, і энцыклікі св. Яна Паўла ІІ. Што асабіста для Вас даў вопыт перакладу яго працаў? — Магчыма, даў самае галоўнае, бо дапамог больш палюбіць Хрыста і Ягоны Касцёл. Я мела шчаслівую магчымасць вучыцца гэтай любові і паглыбляць яе на старонках працаў св. Яна Паўла ІІ — вялікага хрысціяніна і пастыра, выдатнага тэолага і чалавека, які валодаў прарочым дарам… З першае кнігі «Пераступіць парог надзеі», якая адразу пасля выхаду ў 1994 годзе стала бестселерам і была перакладзена на многія мовы свету, і да апошняй прыжыццёвай кнігі «Памяць і самасвядомасць» — своеасаблівага тэстаманту Вялікага Папы — гэтая перакладчыцкая праца была для мяне сапраўднаю хрысціянскаю школаю любові, надзеі і веры. Таму ўспрымаю яе як асаблівую Божую ласку і не перастаю за ўсё дзякаваць Богу. — З’яўляючыся пісьменніцай і паэткай, Вы робіце і паэтычныя пераклады. А хто ўлюбёны аўтар, якім чынам выбіраеце творы і асобаў для перакладу? — Такое ўражанне, што гэта яны мяне «выбіраюць», бо ніводнага аўтара і ніводнага твора не было выпадковага. Люблю ўсіх, з кім звёў творчы лёс, бо ў кожнага знаходжу штосьці вельмі блізкае, сугучнае сваёй душы і сваім перакананням, і таму кожны аўтар на час працы з ягоным тэкстам станавіўся настаўнікам, дарадцам і сябрам. Дарэчы, цеплыня творчага сумоўя застаецца ў душы назаўсёды… — Апошнім Вашым перакладам, які ўжо пабачыла і «паспытала» хрысціянская грамадскасць, стаў «Дзённік» св. Фаўстыны. Яшчэ адна святая ў Вашай перакладчыцкай біяграфіі, да таго ж містычка. Які фрагмент з «Дзённіка» Вас найбольш закрануў? — Такіх фрагментаў у «Дзённіку» святой Фаўстыны шмат. Увесь гэты натхнёны Богам тэкст, які адкрывае нам глыбіні бязмежнай Божай міласэрнасці, кранае неймаверна. Але, сапраўды, ёсць і такія фрагменты, якія ўразілі асабліва і да якіх найчасцей вяртаюся, каб зноў і зноў іх перачытваць. Гэта найперш «Размовы Бога з душою», якая знаходзіцца на розных этапах свайго дасканалення: і «пагружаная ў цемру» роспачы, і акунутая ў такое моцнае цярпенне, што нават не мае сілы на размову з Богам, і ў час свайго асаблівага імкнення да дасканаласці… Вельмі крануў мяне фрагмент «Дзённіка», у якім с. Фаўстына апісвае эпізод, які здарыўся з ёю, калі яна служыла ў кляштары брамніцаю. Аднаго разу да кляштарнай брамы прыйшоў Езус у вобразе галоднага, абарванага жабрака і папрасіў у яе есці. Калі яна Яго накарміла, з’явіўся падчас візіі і падзякаваў ёй за гэты ўчынак міласэрнасці… Міласэрнасць, гэтак як і любоў, жывая ўчынкамі. Езус казаў с. Фаўстыне: «Я патрабую ад цябе ўчынкаў міласэрнасці, якія павінны сыходзіць з любові да Мяне. Ты павінна заўсёды і ўсюды праяўляць міласэрнасць да бліжніх, ты не можаш ад гэтага ані ўхіліцца, ані адмовіцца, ані адрачыся…» (Дз. 742). — Магчыма, цяпер таксама штосьці перакладаеце ці ўжо рыхтуеце да друку? Чым і кім здзівіце чытача ў чарговы раз? — У сувязі з Вашым пытаннем прыгадалася выказванне выдатнага хрысціянскага пісьменніка Дзмітрыя Меражкоўскага ў дачыненні Святога Пісання: «Пасля гэтай солі ўсё здаецца прэсным». Прыкладна такое адчуванне ёсць у мяне пасля перакладу «Дзённіка» св. Фаўстыны, і таму пакуль што няма жадання брацца за нешта іншае. Зразумела, перакладаю асобныя тэксты для часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера». Скажам, адным з такіх перакладзеных нядаўна тэкстаў былі невялікія фрагменты «Асабістых нататак» св. Яна Паўла ІІ, надрукаваныя ў першым мінулагоднім нумары квартальніка «Наша вера». Гэтыя «нататкі», якія пасля адыходу ў вечнасць Вялікага Папы выдаў былы ягоны сакратар, а цяперашні Кракаўскі Мітрапаліт кардынал Станіслаў Дзівіш, мяне вельмі ўразілі, бо яны — яшчэ адно моцнае і яскравае сведчанне «духоўнага жыцця ў Богу і з Богам» святога Папы… Неўзабаве павінна выйсці з друку кніга маіх уласных вершаў і перакладаў духоўнай паэзіі… Гутарыла Аксана Ючкавіч Фота з асабістага архіву Крыстыны Лялько i Міколы Новікава |