Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бывай і да сустрэчы ў родным слове, Ніл Сымонавіч! Пахаванне Ніла Гілевіча прайшло ў Мінску
Беларусь
02.04.2016 16:14

«Я прыйшла, каб развітацца са сваім сябрам», — кажа Яліна Салаўёва, адзіная вучаніца ў школах Магілёва, навучанне якой ідзе па беларускамоўнай праграме. Яліна прыехала на пахаванне Ніла Гілевіча разам з бацькам.

Развітанне з родным, сябрам, прыкладам і натхненнем

«Я прыйшла, каб развітацца са сваім сябрам», — кажа Яліна Салаўёва, адзіная вучаніца ў школах Магілёва, навучанне якой ідзе па беларускамоўнай праграме. Яліна прыехала на пахаванне Ніла Гілевіча разам з бацькам.

Раней, калі па інтэрнэце разнеслася навіна пра гісторыю навучання Яліны па-беларуску, Ніл Сымонавіч пажадаў пазнаёміцца з ёю. Пасля сустрэчы і распачалося іх сяброўства — дзядулі Ніла і дзяўчынкі Яліны, у якіх нават літары ў імёнах паўтараюцца.

Як кажа Яліна і яе бацька, з Нілам Сымонавічам яны перапісваліся, і не праз электронную пошту, а звычайна, віншуючы адзін аднаго са святамі.

Развітацца са сваім родным, развітацца са сваім сябрам, развітацца з вялікім чалавекам, са сваім калегам, сваім прыкладам і натхненнем на шлях жыццёвы ў імя Радзімы і свайго народа прыйшло шмат людзей: моладзі, людзей сярэдняга і сталага ўзросту.

Пакуль жыве Беларусь — будзе жыць спадчына Ніла Гілевіча

Петрапаўлаўская царква, дзе праходзіла развітанне, пахавальнае малітоўнае набажэнства і грамадзянская паніхіда, была перапоўнена.

«Пакуль жыве Беларусь — будзе жыць спадчына Ніла Гілевіча», — гучаў лейтматыў у прамовах выступоўцаў.

Амаль кожны, хто прамаўляў развітальнае слова, прыгадваў пра спадарожніцу і найлепшага сябра Ніла Сымонавіча — Ніну Іванаўну, без якой ён хадзіў па гэтым свеце апошнія 13 гадоў.

Іх адносіны былі для нас прыкладам, — адзначалі калегі, якія бачылі і пераймалі вопыт, вучыліся не толькі таму, як выкладаць, займацца творчасцю і навукай, але і ісці правільнай і прыгожай сямейнай дарогай.

Гілевічы: Ніна Іванаўна — анёл-ахоўнік беларускасці, Ніл Сымонавіч — яе абаронца

«Ён быў ахоўнікам чысціні і святасці беларускай мовы, а таксама сямейных адносінаў», — адзначыў палітычны і грамадскі дзеяч Станіслаў Шушкевіч.

Аднакурснік і сябра спачылага, паэт Анатоль Вярцінскі, які нёс крыж з шыльдай імені паэта, падчас паніхіды заўважыў, што Ніл Гілевіч валодаў непахіснай верай, быў увасабленнем ідэйнага сімвалу і беларускай справы.

У ім Беларусь жыла і жыве ў яго творчасці, бо жыве ў народнай душы, у словах песень, якія сталі візітоўкай Беларусі і беларусаў, многія з якіх, можа, і не памятаюць, хто напісаў іх...

«Магутны Божа» і «Ой, шуміце-шуміце...» гучалі шматразова

Але гучалі і будуць гучаць і гудзець знакамітыя «Ой, шуміце-шуміце...». Спявалі іх нават колкі беларусаў і 1 красавіка, каля труны, якая стаяла ў машыне, укрытая коўдраю з прынесеных кветак. «Магутны Божа» — хрысціянскі гімн беларускага народа — спявалі не раз. Потым спявалі на словы Гілевіча...

«А я лягу-прылягу...». Вось і прылёг, перад вялікай дарогай у вечнасць.

Пакінуўшы не проста шмат напрацаванай спадчыны, але прыклад патрыятызму і непахіснасці...

Хоць і матэрыяльных набыткаў таксама. Як адзначыў дэкан філалагічнага факультэта БДУ Іван Роўда, па кнігах, якія Ніл Сымонавіч ахвяраваў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, будуць вучыцца мове і любові да Радзімы наступныя пакаленні філфакаўцаў, як і сённяшнія студэнты.

Ніл Сымонавіч быў адным з такіх вядоўцаў студэнцкіх сэрцаў, і не толькі студэнцкіх, а ўсіх, хто памятаў і любіў яго творчасць, хто вырас і пасталеў на яго «Родных дзецях», загартаваўся на яго дасціпных, а часамі вострых жартах, апёкся на праўдзівых словах і стаў мацнейшым, як чыгунок, які ставяць у печ, каб потым не баяўся ані вады, ані нязграбных рук, а трывала і надзейна захоўваў тое, што паклала ў яго гаспадыня.

Творчасць Ніла Сымонавіча - нібы печ, дзе сапраўды гартаваліся і гартуюцца гарлачыкі і збаночкі душаў беларусаў. Кожнаму прайсці б гэтае гартаванне словам Народнага паэта.
Пісьменнік Віктар Казько з надзеяй дадаў, узгадваючы пра Божы Провід, які ляжыць на нашых народных прароках, у ліку якіх і Ніл Гілевіч, што беларускае слова, за якое змагаўся, на якім ствараў і ў імя якога жыў паэт, «пойдзе ў свет, паслужыць нам, а мы паслужым яму», і яно загучыць не толькі ў мастацтве і літаратуры.

Смерць вялікіх людзей яднае, смерць людзей, якія любілі іншых, — яднае ўсіх. Пра гэту еднасць праз вялікую страту для беларусаў прыгадаў Вячаслаў Рагойша ўжо на Кальварыйскіх могілках, дзе працягвалася развітанне і пахаванне.

«Спі спакойна, беларускі сын»

Ніл Гілевіч быў пахаваны побач са сваёй жонкай Нінай Іванаўнай. Яны прайшлі ўсё зямное жыццё разам, няхай будуць разам і ў вечнасці, натхняючы беларусаў быць адзіным народам, які адной вялікай і адзінай сям’ёй імкнецца да найвышэйшых каштоўнасцяў і будучыні.

І хай захапляе і нас, як шумяць бярозы роднай зямлі, як гучыць песня, якая яднае і абуджае...

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.