Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свет затрымаў дыханне: 11-я гадавіна смерці Яна Паўла ІІ
Беларусь
02.04.2016 15:27

11 гадоў таму, 2 красавіка 2005 г., адышоў у вечнасць Папа Ян Павел ІІ. Сёлета гэтая гадавіна прыпадае, як і дзень смерці Папы, у вігілію нядзелі Божай Міласэрнасці.

Гэта была далікатнасць Божай Міласэрнасці! Пантыфік, які так шмат казаў і зрабіў, каб людзі маглі зразумець цудоўнае, міласэрнае аблічча Бога, быў прыняты ў супольнасць святых менавіта ў дзень Божай Міласэрнасці, які сам устанавіў.

Адыход Яна Паўла ІІ аплакваў увесь свет: католікі і прадстаўнікі іншых веравызнанняў, свецкія і духоўныя асобы.

Напярэдадні пахавання Яна Паўла ІІ, 7 красавіка 2005 г., быў апублікаваны яго запавет, які ён пісаў ад пачатку пантыфікату. «Усім дзякую. Усіх прашу аб прабачэнні. Прашу таксама аб малітве, каб Божая Міласэрнасць аказалася большай за маю слабасць і нявартасць», – напісаў між іншым Святы Айцец.



У Імшы пахавання Папы 8 красавіка на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, якую ўзначаліў кардынал Ёзаф Ратцынгер, будучы Бэнэдыкт XVI, удзельнічала незлічоная колькасць вернікаў. Прыбылі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, каранаваныя асобы і рэлігійныя лідары з усяго свету. Гэта была самая вялікая пахавальная ўрачыстасць у гісторыі.

На плошчу былі таксама прынесены транспаранты з надпісам «Santo subito» – аб неадкладнай кананізацыі Папы-паляка.

I сапраўды сталася так. Працэс беатыфікацыі Яна Паўла ІІ пачаўся неадкладна: Бэнэдыкт XVI адмяніў правіла, што з часу смерці кандыдата да хвалы алтара павінна прайсці пяць гадоў.



Ян Павел ІІ быў беатыфікаваны 1 мая 2011 г., а кананізаваны 27 красавіка 2014 г. Працэс яго беатыфікацыі і кананізацыі быў рэкордна кароткім.

Святы Ян Павел ІІ быў найперш сапраўды Пятром – наступнікам апостала Пятра і каменем, на якім засноўваецца супольнасць і будуецца Касцёл. Ён быў фундаментам супольнасці. Ён здолеў захаваць разнастайнасць у супольнасці, у веры ў Хрыста. Свету, які хацеў забыцца аб Богу, гэты Папа на ватыканскай плошчы крычаў: «Не бойцеся Хрыста! Адчыніце дзверы Хрысту».

Гэта быў крык настолькі вялікі, што кожны паглядзеў на сябе і ніхто не адважыўся ўсумніцца ў словах чалавека, які абвяшчаў Хрыста на ўвесь свет. Так мог рабіць толькі Папа, Папа такі, як ён.

Ян Павел ІІ падрыхтаваў зруйнаванне Берлінскага муру без правядзення палітычнай дзейнасці; ён ажыццяўляў палітыку духоўнасці, пашыраў дух і надзею. Ён вярнуў людзям надзею.

Сёння нам варта вяртацца да асобы і спраў Яна Паўла ІІ, і вяртацца да іх нават праз шмат гадоў, праз некалькі пакаленняў. Нам нельга згубіць гэтага святога з нашага поля зроку; гэта вялікая постаць, хвала Касцёла.

Сёння мы дзякуем Богу за Яго вялікую справу ў асобе Яна Паўла ІІ, які пастаянна заахвочваў нас ісці дарогай святасці.

Рэалізуем яго своеасаблівы запавет веры і будзем цешыцца тым, што ён благаславіць нас з акна Дому Айца.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.