Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларуская выстава ў Ватыкане адкрыецца ў маі
Беларусь
07.04.2016 16:52

Выстава сакральнага мастацтва з Беларусі стане першай у гісторыі такога роду ініцыятывай з Усходняй Еўропы ў Ватыканскіх музеях. Яна адкрыецца 19 мая і працягнецца да 25 ліпеня 2016 г., паведаміў дырэктар Ватыканскіх музеяў прафесар Антоніо Паолучы.

Ідэя правядзення выставы беларускіх ікон у Ватыкане нарадзілася падчас візіту Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П'етро Параліна ў Мінск 12-15 сакавіка 2015 г.

Увазе наведвальнікаў Ватыканскіх музеяў будуць прадстаўлены сакральныя выявы, створаныя ў розныя гістарычныя перыяды, «найбольш значныя творы беларускай мастацкай традыцыі», як распавёў прафесар Паолучы.

На яго думку, беларуская выстава ў Ватыкане – гэта значная падзея і, магчыма, пачатак доўгага супрацоўніцтва, паколькі «культурныя адносіны з краінамі Усходняй Еўропы, асабліва з праваслаўнай большасцю, знаходзяцца на вяршыні памкненняў і праектаў Апостальскай Сталіцы».

Падзея будзе насіць экуменічны характар, «бо экуменізм будуецца таксама дзякуючы адносінам і культурнаму абмену», падкрэсліў дырэктар Ватыканскіх музеяў.


Значная частка старажытных беларускіх ікон і літургічных прыладаў знаходзіцца сёння ў дзяржаўных музеях, у той час як храмы, з якіх яны былі забраны ў часы камунізму, дзейнічаюць ужо больш за 20 гадоў.

Адказваючы на пытанне, ці павінна ўсё гэта быць вернута вернікам, Антоніо Паолучы заўважыў, што ў першую чаргу трэба браць пад увагу захаванасць твораў мастацтва. Таксама і ў Італіі дзейнічаюць згодна з гэтым крытэрыем.

«У прынцыпе, добра, каб творы сакральнага мастацтва захоўваліся ў месцах, дзе былі створаны. Аднак калі ўмовы для бяспекі і належнага захавання недастатковыя, правільней будзе перанесці іх у музеі. Трэба разглядаць кожны выпадак асобна», — сказаў дырэктар Ватыканскіх музеяў.

Выстава беларускага сакральнага мастацтва будзе першай з Усходняй Еўропы ў Ватыкане, але, як паведаміў дырэктар, рыхтуюцца і наступныя.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.