«Беатыфікацыйны працэс — гэта сапраўдны суд» — кс. Раман Факсінскі, віцэ-пастулятар на працэсе Эдварда Вайніловіча |
Беларусь |
08.04.2016 16:18 |
У Мінску 10 красавіка пачнецца беатыфікацыйны працэс Эдварда Вайніловіча. Пра мэты і этапы працэсу распавядае кс. Раман Факсінскі, які будзе ў Беларусі збіраць сведчанні пра жыццё нашага выбітнага суайчынніка. Што такое беатыфікацыйны працэс? «На беатыфікацыйным працэсе адбываецца кананічнае расследванне адносна гераічнасці цнотаў кандыдата. Працэс праводзіцца Беатыфікацыйным Трыбуналам, які ўзначальваецца пастулятарам. Зараз гэта будзе ксёндз д-р Андрэй Сцомбэр, вельмі дасведчаны спецыяліст у кананічным праве, які быў дэлегатам біскупа ў працэсе Яна Паўла ІІ». «Я з'яўляюся віцэ-пастулятарам, бо кс. Андрэй Сцомбэр не заўсёды зможа прысутнічаць на працэсе, які адбываецца ў нас у Беларусі». Чаму ў беатыфікацыйным працэсе ўдзельнічаюць прадстаўнікі і Беларусі, і Польшчы? «Эдвард Вайніловіч памёр у Быдгошчы, і многіх сведкаў другой ступені (тых, якія чулі сведчанні відавочцаў-сучаснікаў) будуць апытваць у Польшчы. Па той жа прычыне працэс, каб праводзіцца ў Беларусі, павінен быў атрымаць дазвол біскупа таго рэгіёна, дзе памёр кандыдат. Такі дазвол мы атрымалі». Якія этапы беатыфікацыйнага працэсу? «Першая сесія працэсу праводзіцца публічна — гэта прадстаўленне кандыдата і апісанне ягонага жыцця, усталяванне Трыбунала ўладай Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Ствараюцца таксама дзве камісіі — тэалагічная і гістарычная. Кожная з іх складаецца як мінімум з трох чалавек. Тэалагічная камісія вывучае, наколькі словы чалавека адпавядалі вучэнню Касцёла і не ўтрымлівалі ерасі. Гістарычная камісія разглядае ўсе сведчанні пра жыццё і ўчынкі кандыдата. У гэты час публікуецца малітва ў інтэнцыі беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча, і Касцёл заклікае маліцца аб цудзе, які б здарыўся праз яго заступніцтва. Затым пачынаецца галоўны — зачынены для публікі этап, на якім збіраюць дакументы і апытваюць сведкаў. Сябры Трыбунала і сведкі не маюць права распавядаць пра сказанае ці пачутае ў Трыбунале падчас гэтага этапу. Калі здарыцца цуд праз заступніцтва Эдварда Вайніловіча, то мы мусім паклікаць медыкаў-экспертаў, якія ацэняць, ці мог чалавек ацаліцца звычайнымі сродкамі». Колькі можа цягнуцца такі працэс? Чым гэта абумоўлена? «Трэба заўважыць, што беатыфікацыйны працэс — гэта сапраўдны суд, і ён можа вынесці любое рашэнне, зусім не толькі пазітыўнае. І немагчыма сказаць, колькі гадоў ён будзе цягнуцца, бо трэба сабраць абсалютна ўсе даныя. У выпадку, калі пастулятар прымае рашэнне пра гераічнасць цнотаў кандыдата — Positio super virtutibus, — матэрыялы перадаюцца ў Апостальскую Сталіцу, дзе іх разглядае спецыяльная камісія. Для канчатковага рашэння аб беатыфікацыі чалавека, які не быў мучанікам, патрэбна, каб адбыўся прызнаны Апостальскай Сталіцай цуд праз ягонае заступніцтва». Чым для Вас асабіста з'яўляецца ўдзел у такім працэсе? «Я першы раз удзельнічаю ў беатыфікацыйным працэсе, і гэтая праца мяне не толькі страшыць, але і цікавіць. У 2001 годзе ў Рыме я кантактаваў з езуітамі, у прыватнасці з айцом Еранімам Факцінскім, які працуе ў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі і з'яўляецца вядомым гісторыкам Касцёла. Такія ж структуры Трыбунала, як у нас, ёсць у Ватыкане. Там ён старшыня гістарычнай камісіі, працаваў у Ватыканскіх архівах і духоўна мне дапамагаў, распавядаў, як правільна весці працэс, захоўваць сведчанні. Cпадзяюся, што атрымаю досвед і потым змагу дапамагаць Беларусі падчас іншых працэсаў — каб было больш нашых беларускіх святых. А такіх беатыфікацыйных працэсаў павінна быць шмат». Аляксандр Гелагаеў |