Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Салезіяне Беларусі прынялі ўдзел у штогадовых рэкалекцыях
Беларусь
11.04.2016 12:17

З 4 па 8 красавіка манаская супольнасць cалезіян Беларусі ўдзельнічала ў штогадовых рэкалекцыях, якія праходзілі ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай каталіцкай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Духоўныя практыкаванні праводзіў рэктар семінарыі кс. Андрэй Рылка.

Рэкалекцыі — асаблівы час шукання Хрыста Уваскрослага і сустрэчы з Ім, і гэта патрабуе цішыні, засяроджанасці і інтэнсіўнай малітвы. Лейтматывам рэкалекцый у гэтым годзе сталі словы з псальма 139: «Бог бачыць усё». Гэты псальм з’яўляўся свайго роду малітвай на ўвесь час рэкалекцый.

На працягу пяці дзён святары мелі магчымасць распачаць пад кіраўніцтвам рэкалекцыяніста сваю духоўную вандроўку да Уваскрослага. Шлях пралягаў з «уласнай Галілеі» свайго жыцця — месца страху, нявер’я і здрады, праз «уласную Бэтанію» — месца адпачынку, якое павінна мець Божы характар, аж да «ўласнай Кальварыі» свайго жыцця і далей, да сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом. На гэтым шляху салезіяне разважалі аб сваім пакліканні, магчымых сапраўдных і фантомных «крыжах», якія чалавек нясе ў сваім жыцці, аб матывацыі ў жыцці і святарскім служэнні, аб магчымых пагрозах і спакусах святарскага жыцця.



Плёнам і адначасова заданнем духоўных практыкаванняў на наступны год стала «Пасхальная вера» — радаснае, пакорнае жыццё пакліканнем перад Богам, гэта значыць здольнасць мець пасхальную перспектыву ва ўсім сваім жыцці.

Згодна з салезіянскай традыцыяй падчас рэкалекцый салезіяне наведваюць рэлігійна важныя месцы рэгіёну. У ходзе гэтых рэкалекцый удзельнікі маліліся ў санктуарыі святога Андрэя Баболі ў Іванаве і наведалі важныя месцы, звязаныя з жыццём святога. Завяршаючым акцэнтам рэкалекцый стала святая Імша ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне, дзе перад цудатворным абразом Панны Марыі сабраты аднавілі манаскія абяцанні. Затым святары наведалі Дом міласэрнасці для пажылых людзей, які дзейнічае ў гэтым горадзе.



Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.