Людміла Кузьміна — адна з удзельніц запланаванай сустрэчы беларускіх і
ўкраінскіх ліквідатараў з Папам Францішкам. Сустрэча пройдзе ў Ватыкане
20 красавіка з нагоды 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Чаму
жанчына працавала ў зоне адчужэння і пра што разважае перад знакавай для
сябе падзеяй? Звязацца з Людмілай на працягу тыдня было праблематычна: жанчына была ў ад’ездзе, таму тэлефон быў адключаны. Набраўшы яе нумар у чарговы раз, я ўжо не спадзяваўся пачуць на тым канцы голас. Але мне пашчасціла. Людміла збіралася на працу і якраз мела некалькі вольных хвілін. Відэаканферэнцыя праз скайп злучыла мяне з Баранавічамі, дзе жыве і працуе сёння жанчына. «У 1986 годзе мне было 20 гадоў, — пачынае свой аповед Людміла Кузьміна. — У той час я працавала майстрам вытворчага навучання ў кулінарным вучылішчы ў Баранавічах. Мяне з групай навучэнцаў адправілі ў Нароўлю карміць супрацоўнікаў міліцыі, якія ахоўвалі зону адчужэння. З невялікай групай студэнтаў я трапіла ў в. Цешкаў у зону адчужэння, дзе працавала кастрычнік 1986 года і сакавік 1987-га..»
Звычайным вокам радыяцыю не ўбачыш
Сёння жанчына ўжо не памятае ўсёй рэакцыі свайго арганізму на радыяцыю, прыгадваючы толькі непрыемнае пяршэнне ў горле. Пасля першага прыезду дадому яна ляжала ў шпіталі з абвастрэннем страўніка. Тым не менш праз год Людміла зноў апынулася ў забруджаным рэгіёне. Чаму? «У мяне работа была такая. Студэнты накіроўваліся туды на практыку, хтосьці і на пераддыпломную практыку. А я, як майстар вытворчага навучання, павінна была ў іх гэту практыку прыняць». Са слоў Людмілы, гатаваць даводзілася з таго, што было: штосьці прывозілася, як, напрыклад, тушонка, а штосьці было мясцовым, як мука, цукар ці хлеб.
Як бы прадугадваючы чарговае пытанне, Людміла адзначае:
«Радыяцыя не бачная звычайным вокам, таму пачуццё небяспекі прытуплялася. Ну, бачыш, як здымаюць верхнія слаі зямлі — разумееш, што нешта не так. Але ў нас была свая праца –— накарміць людзей, рэальнай карціны мы асабліва не ведалі».
«Я вельмі шчаслівая ад таго, што пабачу Папу»
Даведаўшыся пра тое, што яе прозвішча ўключана ў склад беларускай дэлегацыі на сустрэчу з Пантыфікам, жанчына была і здзіўлена, і ўзрадавана адначасова:
«Першы час я прабывала ў шоку ад таго, што гэта адбываецца са мной. Такая магчымасць здараецца раз у жыцці! Мы ўсе Божыя слугі, але да Пантыфіка ў мяне заўсёды было трапяткое стаўленне. Я разумею, што Святы Айцец звычайны чалавек, але як бы там ні было — гэта вельмі незвычайная асоба. Я вельмі шчаслівая, што траплю на сустрэчу з Папам».
У родных Баранавічах Людміла наведвае парафію Узвышэння Святога Крыжа, найстарэйшую ў горадзе.
Жанчына прызнаецца, што ў 1980-х была не такой свядомай каталічкай. Але час усё змяніў... Да веры Людміла навярнулася праз дачку, якая цудоўным чынам атрымала аздараўленне.
«У сне Хрыстус узяў дачку за руку...»
«У 1994 годзе я нарадзіла дачушку. Калі ёй было чатыры гады, у яе дыягназавалі пухліну галаўнога мозгу. Урачы тады казалі, што не могуць звязаць гэта з Чарнобылем. Калі ж нядаўна я стала займацца пошукам сваіх дзяўчат, з якімі працавала ў той час у Нараўлянскім раёне, высветлілася, што ў многіх былі праблемы менавіта са здароўем дзяцей...»
«Калі мы даведаліся дыягназ дачкі, то былі шакаваныя. Мы не ведалі, што рабіць. Нам патлумачылі, што такое — рабіць аперацыю. Гэта было жудаснае пачуццё».
Людмілу выратавала малітва, а яе дачку — Божая ласка.
«Мая бабуля і прабабуля былі веруючымі людзьмі, якія ведалі сілу малітвы, таму ў сітуацыі з дачкой я магла толькі маліцца, спадзеючыся на Бога».
«І аднойчы маёй дачцэ прысніўся дзівосны сон, – працягвае Людміла. – Ёй прысніўся Хрыстус і абраз, які быў у нашым касцёле. Як расказвала дачушка, у сне Хрыстус узяў яе за руку, і яны ляцелі. Дачка бачыла і пекла, і рай. А пасля ў касцёле яна паказала на абраз, які бачыла ў сне — гэта быў абраз Езуса Міласэрнага са словамі “Езу, давяраю Табе”...
Мы хадзілі ў касцёл і маліліся. І ўсе гэтыя гады на Божае Нараджэнне і Вялікдзень мы прыносім да гэтага абраза кветкі ў знак пашаны і падзякі».
«Хіба можа такое быць?»
Людміла адзначае, што дачцэ было пяць, калі яна ўбачыла дзівосны сон, а ў 18 гадоў урачы знялі з яе дачкі страшны дыягназ.
«Я тады спытала: хіба можа такое быць? А ўрачы сказалі: ну, напэўна, можа, раз так адбылося... Але для мяне гэта сапраўдны цуд».
Сёння дачка Людмілы вучыцца ў адным з універсітэтаў Варшавы ў магістратуры. Сама Людміла працягвае выкладаць у каледжы ў Баранавічах. «Мы верым у Бога і бясконца дзякуем Яму за Яго ласкі, — заключае Людміла Кузьміна. — Мая дачка сёння — практыкуючая каталічка».
Гутарыў Ілья Лапато Па просьбе жанчыны яе фотаздымкі ў матэрыяле не публікуюцца
|