12 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша падзякі Богу з нагоды сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У ёй прынялі ўдзел дапаможныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і вернікі. «Людзі верылі, што Касцёл не загіне» У пачатку сваёй гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў словы, з якімі калісьці Хрыстус звярнуўся да апостала Пятра: «Ты Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Мой Касцёл, і брамы пякельныя яго не перамогуць».
«З перспектывы гадоў можам сказаць, што яны актуальныя і сёння, пра што сведчыць гісторыя Касцёла, — адзначыў іерарх. — Яны нагадваюць пра тое, што Касцёл, нягледзячы на пераслед веры, розныя цяжкасці і крызісы, застанецца, бо Касцёл — гэта Хрыстус, які жыве ў часе і прасторы». Поўны тэкст гаміліі тут››
Арцыпастыр прыгадаў асноўныя старонкі з гісторыі Каталіцкага Касцёла на беларускіх землях. У прыватнасці, іерарх згадаў заснаванне напрыканцы XIV ст. Віленскай дыяцэзіі, якая ахоплівала вялікую частку Беларусі.
Асобна арцыбіскуп спыніўся на перыядзе пераследу веры ў савецкія часы. Як адзначыў Мітрапаліт, на пачатку 30-х гадоў ХХ ст. Касцёл у Беларусі цалкам застаўся без іерархіі.
«Людзі, аднак, трывалі ў веры, верылі ў словы Езуса Хрыста, якія Ён сказаў апосталу Пятру, што Касцёл не загіне, — дадаў арцыпастыр. — Верылі таксама і ў фацімскае прароцтва аб духоўным адраджэнні нашых земляў. І так сталася».
«Касцёл адрадзіўся, як Фенікс з попелу» Прыгадваючы тых, хто захоўваў веру і перадаваў яе наступнаму пакаленню, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што такія людзі з’яўляюцца багаццем хрысціянскай культуры.
Гістарычным днём назваў іерарх 13 красавіка 1991 года, калі Папа Ян Павел ІІ адрадзіў касцёльныя структуры ў Беларусі. «Касцёл адрадзіўся, як Фенікс з попелу», — заўважыў Мітрапаліт. «25 гадоў, якія прайшлі ад гэтага дня, — гэта час адраджэння Касцёла пасля трох пакаленняў ганенняў і яго станаўлення. Сёння мы дзякуем Богу, біскупам, найперш кардыналу Казіміру Свёнтку, святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам за ахвярную працу ў гэтым працэсе.
Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій, у якіх служаць восем біскупаў. Тут працуе каля 500 святароў. Колькасць вернікаў — каля паўтара мільёна, парафій — каля пяцісот», — дадаў іерарх. Многае дасягнута, але наперадзе яшчэ шмат працы Паводле слоў арцыбіскупа Кандрусевіча, святкаванне сярэбранага юбілею адраджэння касцёльных структур — гэта нагода падзякаваць Богу, перапрасіць Яго за не да канца выкарыстаныя магчымасці і зазірнуць наперад:
«Многае дасягнута, але яшчэ больш працы перад намі» — сказаў іерарх. Напрыканцы гаміліі арцыпастыр заахвоціў прысутных вернікаў быць прыкладам хрысціянскага жыцця ў сваім асяродку, адзначаючы, што Касцёл у Беларусі і Касцёл Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пачынаюць пісаць новую старонку сваёй гісторыі.
«Праз заступніцтва св. Міхала Арханёла, нябеснага апекуна Касцёла ў Беларусі, і Маці Божай Будслаўскай, апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, благаславі, Божа, нашу Радзіму, каб была моцнай Богам і на евангельскіх каштоўнасцях будавала будучыню», — сказаў арцыбіскуп.
Напрыканцы Імшы адбылася малітва ў інтэнцыі Беларусі. Пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце прагучалі Ларэтанская літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі і малітва за Беларусь. Таксама прысутныя праспявалі гімн «Цябе, Божа, праслаўляем».
На заканчэнне было ўдзелена благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
(DN), (IL)
фота Аляксандры Шчыглінскай
|