Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскупы Еўропы павіншавалі католікаў Беларусі з 25-годдзем аднаўлення структур Касцёла
Беларусь
13.04.2016 16:23

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў спецыяльным лісце, накіранаваным на імя старшынь епіскапатаў, павіншавала католікаў Расіі, Беларусі і Казахстана з 25-й гадавінай аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў іх краінах.

Аўтары ліста нагадалі, што адпаведнае рашэнне было прынята 13 красавіка 1991 г. святым Янам Паўлам II. 25-я гадавіна, па словах біскупаў Еўропы, стала для іх магчымасцю не толькі «аб’яднацца з вашай радасцю», але і ўзгадаць «многіх асобаў, якія захавалі веру, нават коштам свайго жыцця».

Пасля дзесяцігоддзяў пераследу, як адзначаецца ў лісце, рэлігійная свабода дазволіла Каталіцкаму Касцёлу развівацца і прыносіць веру і надзею, якія на працягу многіх гадоў, здавалася, былі знішчаны.

«Касцёл у Еўропе дыхае двума лёгкімі, і Каталіцкі Касцёл у Расіі і ў Беларусі мае вырашальнае значэнне для будучыні Касцёла ва ўсёй Еўропе», — гаворыцца ў лісце. Яго аўтары лічаць, што юбілей павінен стаць для ўсіх католікаў узгаданых краін магчымасцю аднавіць сваю надзею на Хрыста і місійную дынаміку, а інстытуцыйныя адносіны з дзяржавай, з Праваслаўнай Царквой, з іншымі біскупскімі канферэнцыямі Еўропы пакліканы паспрыяць будаванню міру і паяднанню для агульнага дабра.

Ліст завяршаецца запрашэннем працягваць агульную працу абвяшчэння Евангелля. «У сучасным свеце многія людзі да гэтага часу не ведаюць Бога. Будзем працаваць не перастаючы, каб усё чалавецтва змагло пазнаць і палюбіць Бога праўдзівага», — адзначаюць аўтары.


Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.