Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«…Любоўю да Бога запаліць»: першая ўсебеларуская сустрэча манаскай моладзі прайшла ў Баранавічах (+фотарэпартаж)
Беларусь
14.04.2016 16:19

12-13 красавіка ў доме сясцёр місіянерак Святой Сям’і ў Баранавічах праходзіла першая ўсебеларуская сустрэча моладзі ордэнаў і манаскіх супольнасцяў на тэму «Кансэкраванае жыццё і выклікі сучаснага свету».

У сустрэчы прынялі ўдзел 38 прадстаўнікоў з 14 інстытутаў манаства: дамініканак, шарытак, аблатаў, палатынцаў, хрыстусоўцаў, эўхарыстак, марыянаў, капуцынаў і інш.

Усмешка родзіць усмешку

Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў а. Андрэй Юхневіч OMI з Супольнасці Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай.

Падчас Імшы святар адзначыў, што манаскае пакліканне — гэта асаблівае сведчанне Божай любові, якая напаўняе сэрца пакліканага супакоем, радасцю і пачуццём бяспекі. Гэта таксама адказ на выклікі сучаснага свету, які становіцца ўсё больш стрэсавым і сумным, бо ўсё больш адыходзіць ад Бога. Такім чынам, дадаў святар, кансэкраваныя асобы пакліканы абудзіць свет з летаргічнага сну адчужанасці, несучы радасць і супакой прыналежнасці Богу.

Менавіта пра гэта спявалі ўжо пасля літургіі ў гімне першай усебеларускай сустрэчы манаскай моладзі: «Вясёлую песню заспявай і радасцю шчырай абудзі край. Чакаюць усмешкі ўсе вакол. Нясі людзям радасць і супакой. Сёстры назарэтанкі — абудзіце свет! Браты марыяне — абудзіце свет! Сёстры ядвіжанкі — абудзіце свет! Браты хрыстусоўцы – абудзіце свет! Сёстры дамініканкі — абудзіце свет!»

Гэты заклік быў скіраваны да кожнага з прысутных прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў, бо «ўсмешка родзіць усмешку», і хоць у штодзённым жыцці не бракуе клопатаў, а ўласны ўнутраны свет патрабуе пастаяннай адновы, «кансэкраваныя асобы павінны быць здольнымі абудзіць свет», як кажа Папа Францішак.

Удзельнікі сустрэчы падчас супольнай гульні

Пасля знаёмства і абеду манаская моладзь Беларусі ўдзельнічала ў канферэнцыі «Кансэкраванае жыццё і выклікі сучаснай Беларусі», якую правёў айцец Міхаіл Цвячкоўскі МІС. Канферэнцыя датычыла праблем, якія ўзнікаюць у манаскіх супольнасцях, у апостальскай дзейнасці і ў адносінах з Богам.

Потым у групах браты і сёстры абмяркоўвалі гэтыя праблемы і дзяліліся ўласным вопытам. Адарацыя і Нешпары дапоўнілі праграму дня.

Дыялог у супольнасці

Час пасля вячэры быў прызначаны на адпачынак і забаву. У дворыку кляштара былі падведзены вынікі працы ў групах, а потым былі гульня і танцы. Самыя моцныя пайшлі яшчэ на канькі ў Лядовы палац, а рэшта засталася адпачыць і паразмаўляць. Радасць сустрэчы прамянілася з позіркаў і ўсмешак прысутных.

На другі дзень пасля Ютрані, ранішняй медытацыі і сняданку адбылася канферэнцыя «Міжасабовыя адносіны і дыялог у манаскай супольнасці». Сястра Паўла Бобэр MSF проста і з гумарам расказала пра некаторыя псіхалагічныя аспекты жыцця і ўзаемадзеяння манаскіх супольнасцяў.

Абудзіце свет!

Кульмінацыяй дня стала святая Імша, якую ўзначаліў а. Андрэй Квяцінскі OFMСap. Пасля абеду была адарацыя і Нешпары. Потым удзельнікі пачалі развітвацца. Раз’язджаліся яны з удзячнасцю да арганізатараў і з глыбокім перакананнем, што такія сустрэчы павінны праводзіцца і далей.

«Касцёл павінен быць прыцягальным. Абудзіце свет! Будзьце сведкамі іншай мадэлі паводзінаў, дзеянняў, жыцця! У гэтым свеце можна жыць інакш. Я чакаю ад вас гэтага сведчання!» Гэтыя словы Папы Францішка, а таксама падараваны будзільнік, як мяркуюць арганізатары і самі ўдзельнікі, надоўга застануцца ў памяці тых, хто прысутнічаў на першай усебеларускай сустрэчы манаскай моладзі.

С. Іна Амельчанка SJE
фота кс. Яна Глінкі SVD і кс. Уладзіміра Марушэўскага Tchr


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.