«Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала»: распачаўся Сусветны тыдзень малітваў аб пакліканнях да службы ў Касцёле |
Беларусь |
17.04.2016 00:01 |
IV Велікодная нядзеля – нядзеля Добрага Пастыра. У гэты дзень распачынаецца таксама Сусветны тыдзень малітваў аб святарскіх, законных i місійных пакліканнях да службы ў Касцёле, які будзе працягвацца з 17 па 23 красавіка. Святы Ян Павел ІІ казаў, што «свету патрэбны святары, бо свету патрэбны Хрыстус». Таму, памятаючы гэтыя словы, Касцёл хоча ў гэты дзень маліцца аб тым, каб Пан скіраваў новых работнікаў на сваё жніво, каб у нашым Касцёле ў Беларусі ніколі не было недахопу ў адважных святарах і сёстрах законных, што будуць абвяшчаць Божае слова.
Тым, хто кліча, з’яўляецца заўсёды Бог. Гэта Ён дае сігнал, што жадае мець гэтага чалавека сваім супрацоўнікам. Езус кліча таго, каго захоча. Ён аўтаномны, цалкам свабодны ў сваіх намерах. Бог у гэтым сэнсе абсалютна адрозніваецца ад чалавека. «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Mц 9, 37-38). Запрашэнне да малітвы ў інтэнцыі пакліканняў, зробленае больш за 20 стагоддзяў таму Езусам Хрыстом, застаецца актуальным у кожным часе і прасторы.
Сённяшняму Касцёлу і свету патрэбны людзі, якія будуць сапраўды здольнымі адказаць на гэтую дзівосную любоў Бога, адказаць пакорна і з даверам на Божы голас, падобна як адказаў малады Самуэль: «Кажы, бо слухае слуга Твой» (1 Сам 3, 10).
Таму будзем жа горача маліцца аб новых пакліканнях да службы ў Касцёле, каб не было ў нас недахопу ў тых, хто будзе нас карміць Божым словам і Найсвяцейшым Целам Хрыста, каб Гаспадар жніва паслаў работнікаў на жніво нашай зямлі, жніво нашай краіны. Кс. Юрый Марціновіч |