Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Творчы вечар Крыстыны Лялько прайшоў у Мінску
Беларусь
15.04.2016 17:53

Па ініцыятыве Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры 14 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску адбылася прэзентацыя новай кнігі Крыстыны Лялько «Адвячорак», якая выйшла нядаўна ў выдавецтве «Pro Christo».

У кнізе сабраныя вершы розных гадоў і пераклады твораў польскіх паэтаў, прысвечаных пераважна духоўнай тэматыцы, — гэта «жамчужыны» паэтычнай спадчыны св. Яна Паўла ІІ (Караля Вайтылы), кс. Яна Твардоўскага, Чэслава Мілаша, кс. Яна Соханя, кс. Ежы Шыміка, кс. Вацлава Бурылы і іншых майстроў слова.

Як адзначыла сама аўтарка падчас прэзентацыі, назва «Адвячорак» для яе — сімвалічная, у ёй таямніча сплятаюцца і асэнсаванне пражытага шляху, і мелодыка адметнага беларускага слова, і нават музыка мамінага голасу… «Адвячорак — гэта яшчэ не вечар...» — піша Крыстына Лялько ў вершы, якім адкрывае кнігу і якім нібы задае тон далейшым паэтычным разважанням.


Выхад гэтае кнігі прымеркаваны да юбілею Крыстыны Лялько, таму стаў плёнам шматгадовага творчага роздуму паэткі, выкладзенага ў шчырых, безабаронных, трымтлівых вершах, якія працінаюць душу наскрозь. Як выказаўся вядучы гэтае паэтычнай вечарыны, паэт, эсэіст і перакладчык Міхась Скобла, слова мае вялізную моц, і вершы Крыстыны Лялько — гэта нібы кароткія формулы жыццёвага роздуму, якія нават у адной фразе здольныя ўтойваць вялікі сэнс.

Уступнае слова пра Крыстыну Лялько прамовіла загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка.

Са шчырымі словамі пра новую кнігу паэткі на прэзентацыі выступілі пісьменнік і перакладчык, галоўны рэдактар серыі «Беларускі кнігазбор» Кастусь Цвірка, паэтка і перакладчыца, літаратуразнаўца Ірына Багдановіч, паэты Васіль Зуёнак і Леанід Галубовіч, літаратуразнаўца Галіна Тычко, пісьменнікі Ірына Жарнасек і Франц Сіўко, а таксама вядомы актор, дыктар Беларускага радыё Алег Вінярскі.

Высокі музычны тон вечарыне надалі творы сусветнай класікі ў выкананні Соф’і Голуб і Марыі Новікавай. Трэба адзначыць, што вершы Крыстыны Лялько таксама надзвычай меладычныя, таму не дзіва, што ўдзельнікі прэзентацыі сталі першымі слухачамі песень на яе словы, створаных і выкананых сястрой Марыяй з Кангрэгацыі сясцёр святога Дамініка.

Паколькі паэтычная творчасць — гэта толькі адна са шматлікіх граняў таленту Крыстыны Лялько, на вечарыне натуральным чынам зайшла гутарка пра яе перакладчыцкую і рэдактарскую працу. Нагадаем, што адной з апошніх кніг, перакладзеных юбіляркаю на беларускую мову, стаў «Дзённік» святой сястры Фаўстыны Кавальскай ZMBM, і, як адзначыла падчас вечарыны сама перакладчыца, яна лічыць гэта галоўнаю працаю свайго жыцця.

Ганна Шаўчэнка
Фота і відэа Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.